Зь Беларусі перанесьлі яшчэ адзін чэмпіянат сьвету, гэтым разам у спартовай хадзе

Лёгкаатлетычны стадыён, ілюстрацыйнае фота

Раней Беларусь страціла чэмпіянат сьвету ў хакеі, чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве, этап Кубку сьвету ў біятлёне і чэмпіянат Эўропы ў вэлятрэку.

Права правесьці камандавы чэмпіянат сьвету ў спартовай хадзе Менск атрымаў у 2017 годзе. Спаборніцтвы плянавалі на травень 2020 году, але праз каранавірус турнір перанесьлі на 2022-і. Аднак ня будзе і яго.

«Мы дамовіліся перанесьці камандавы чэмпіянат сьвету — 2022 у спартовай хадзе зь Менску, бо існуюць абмежаваньні на падарожжы ў Беларусь, захоўваюцца цяжкасьці ў дыпляматычных дачыненьнях. У выніку рада асацыяцыі абрала як месца замяшчэньня Маскат, сталіцу Аману», — спасылаецца спартовы партал «Трыбуна» на кіраўніка Сусьветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Сэбастыяна Коў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая страта праз палітычную сытуацыю: Беларусь пазбавілі чэмпіянату сьвету ў спартовай хадзе

У арганізацыі падкрэсьлілі, што спаборніцтвы перанесьлі ў выніку разгляду адмысловай справаздачы, падрыхтаванай камітэтам рызыкаў. Сярод іншага ў дакумэнце ўказваюць на нявызначанасьць Беларусі ў міжнародных дачыненьнях і абмежаваньні на міжнародныя паездкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск адмовіўся ад правядзеньня ў Беларусі каманднага чэмпіянату Эўропы па лёгкай атлетыцы-2021 «з тэхнічных прычынаў»