Зьняволены ў СІЗА КДБ Рыгор Кастусёў мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі,— дачка палітвязьня

Рыгор Кастусёў (справа) з паплечнікамі на імпрэзе, архіўнае фота

Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, неабходная шпіталізацыя, паведаміла ягоная дачка Кацярына. 27 ліпеня палітыка наведала адвакатка.

Стан здароўя 64-гадовага Рыгора Кастусёва пагоршыўся. 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу, піша БелаПАН.

З 2 па 14 ліпеня ён ужо праходзіў абсьледаваньне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА № 1 Менску. Сюды ён трапіў у экстраным парадку з задышкай, ацёкамі канцавін, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай сьвядомасьцю. Такі стан быў зьвязаны са сьпякотай, вільготнасьцю і дрэннай вэнтыляцыяй у камэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыгор Кастусёў застаецца ў СІЗА КДБ, нягледзячы на падазрэньні на анкалёгію

Раней сям’я выказвала асьцярогу, што вяртаньне ў «невыносныя ўмовы» СІЗА КДБ пагоршыць ягоны стан. Аднак сьледзтва вырашыла зноў пасадзіць зьняволенага за краты.

«Мэдыкамэнты, якія даюць лекары ў СІЗА, бацьку не дапамагаюць, яму становіцца толькі горш, — расказала Кацярына Кастусёва. Паводле апошніх аналізаў, наогул падазрэньне на анказахворваньне. Тэрмінова патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камэры».

27 ліпеня адвакатка Інэса Аленская падала ў сьледчыя органы яшчэ адно хадайніцтва аб шпіталізацыі падабароннага. Папярэдняе было ў чэрвені, яго не задаволілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр Партыі БНФ Кастусёў: у СІЗА КДБ паветра няма наагул

«Я кансультавалася зь лекарамі і, па іх словах, без апэратыўнага ўмяшаньня, хутчэй за ўсё, ужо не абысьціся. Сёньня пляную накіраваць яшчэ адзін запыт на інфармацыю аб стане здароўя таты», — дадала Кацярына.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове, пасьля чаго даставілі ў КДБ. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы, якая плянавала замах на яго і яго дзяцей. У гэтым пераліку таксама фігуравалі палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юрась Зянковіч, іх затрымалі ў Маскве. Пазьней да іх дадаліся экспэрткі Валерыя Касьцюгова і Тацяна Кузіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, у чым вінавацяць палітоляга Касьцюгову. Ёй пагражае да 12 гадоў турмы

Усім прад’яўленыя абвінавачваньні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.