Амбасадарка ЗША адрэагавала на масавае закрыцьцё няўрадавых арганізацый у Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская і амбасадарка Джулі Фішэр у мэмарыяле Кастуся Каліноўскага. Вільня, люты 2021 году.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выказалася ў сувязі з рашэньнямі беларускіх уладаў аб ліквідацыі некалькіх дзясяткаў няўрадавых арганізацый.

«Рэжым ня можа прымірыцца з БАЖ, ПЭН-цэнтрам і іншымі ўплывовымі НДА, якія займаюцца інвалідамі, мастацтвам, СМІ, правамі чалавека і іншым. Замест таго каб прызнаць уласную ролю ў крызісе ў Беларусі, яны спрабуюць абвінаваціць іншых», — напісала Фішэр у Twitter.

23 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі ліквідуе больш за 50 праваабарончых, асьветніцкіх, адукацыйных грамадзкіх арганізацый, у тым ліку ПЭН-цэнтар, БАЖ, «Прэс-клюб», курсы «Мова нанова», дабрачынны праект «Імёны». Учора Аляксандар Лукашэнка назваў гэта «зачысткай».

На цяперашні момант вядома ўжо больш як пра пяць дзясяткаў арганізацый, які падпалі пад ліквідацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля заявы Лукашэнкі пра «зачыстку» ўлады ліквідуюць дзясяткі беларускіх НДА. СЬПІС