Ігар Ільяш — журналіст, які спэцыялізуецца на расьсьледаваньнях, аўтар кнігі «Беларускі Данбас» і муж палітзьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Яго затрымалі 16 ліпеня, толькі праз чатыры дні да яго дапусьцілі адваката.
23 ліпеня стала вядома, у чым канкрэтна падазраюць журналіста. Як піша «Белсат», Ільяш зьяўляецца падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
23 ліпеня суд разглядаў скаргу на затрыманьне Ільяша, але пакінуў яе без задавальненьня.
Адвакат 20 ліпеня казаў, што Ігар бадзёры і спакойны. У камэры ён сядзіць зь іншымі «палітычнымі», матрацаў і бялізны нікому не даюць.
Ільяш таксама сказаў, што лісты яму можна не дасылаць, бо ўсё роўна не дойдуць, а калегам-журналістам зычыць далейшай працы, не апускаючы рук.
Жонка Ільяша Кацярына Андрэева раней была асуджана на 2 гады пазбаўленьня волі за рэпартаж з акцыі пратэсту ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не спыняцца і не апускаць рук!», — зьняволены журналіст Ігар Ільяш праз адваката зьвярнуўся да калег ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 107 ператрусаў у журналістаў, паўтысячы судоў. Спрабуем падлічыць рэпрэсіі за паўгода ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хворы на дыябэт журналіст Андрэй Скурко — у СІЗА. Што вядома пра яго здароўе?