Жыхара Чачэрску, які на прыёме ў псыхіятра нядобра выказаўся пра Лукашэнку, асудзілі на год калёніі

Юры Кавалёў з унучкай, архіўнае фота

22 ліпеня ў Буда-Кашалёве прайшоў закрыты суд па крымінальнай справе аб «абразе прэзыдэнта». Абвінавачаны, жыхар Чачэрску Юрый Кавалёў, нядобра выказаўся пра Лукашэнку на прыёме ў псыхіятра. Лекарка данесла на яго ў міліцыю.

Пра акалічнасьці справы Свабодзе расказаў адзін зь сяброў Юрыя.

«Увесну Юрый праходзіў мэдычную камісію на правы кіроўцы. Псыхіятар сама завяла зь ім спрэчку на палітычныя тэмы, абражала Сьвятлану Ціханоўскую. Тады Юры сказаў, што Лукашэнка, мякка кажучы, ня надта граматны чалавек. Лекарка данесла на яго ў міліцыю. Распачалі крымінальную справу. На судзе Юрый сказаў, што Лукашэнка сам сябе называе дыктатарам, а гэта значна горш, чым неразумны чалавек, як ён яго назваў», — кажа сябар Юрыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое дзяцей мігрантаў трапілі ў рэанімацыю ў Літве. У Беларусі ім нібыта далі па дзьве пігулкі

За апошні год Юрый неаднаразова трапляў на 15 сутак. «Здаецца, ён сядзеў за год разоў дзесяць. Міліцыя не давала яму супакою. То за сьцяг, які вывесіў на доме, то ў нейкай «няправільнай майцы» быў у горадзе — і гэта прызналі пікетам.

Перад выбарамі 9 жніўня 2020 году чачэрская міліцыя ладзіла цэлую спэцапэрацыю, каб затрымаць Юрыя і ягонага сына Арцёма. Тыя мусілі ўцякаць з дому і хавацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мін'юст хоча ліквідаваць Беларускі ПЭН-цэнтар. Ліст з выклікам на апытаньне прыйшоў на два дні пазьней за само апытаньне