Як дзяржпрапаганда даказала, што Польшча ня мае нічога супольнага зь беларускімі пратэстамі і тэлеграм-каналамі

Блогер Сьцяпан Пуціла і бацькі блогера Рамана Пратасевіча з кіраўніком Беларускага дому ў Варшаве Алесем Зарэмбюком

Адзін расейскамоўны тэлеграм-канал апублікаваў учора артыкул пад назвай «Работа правительства Польши с белорусскими оппозиционными блогерами».

Сёньня пра тое ж радасна крычыць «Саўбелка» вуснамі Гладкай: «Подтверждение того, что польские правители лично курировали работу экстремистских телеграм-каналов» і «августовское обсуждение плана действий Польши против Беларуси».

Але як звычайна бывае з прапагандай — усё акурат наадварот.

Магчыма, вы чулі пра скандал у Польшчы. Хакеры ўзламалі эмэйл кіраўніка канцэлярыі ўраду Міхала Дворчыка. Зь неасцярожнасьці той карыстаўся прыватнай скрыняй у службовых мэтах. Частка ягонай перапіскі датычыць Беларусі. Але тэзіс, які жадала даказаць прапаганда, што маўляў, гэтая перапіска даказвае ўдзел Польшчы ў пратэстах і каардынацыі блогераў, цалкам зьняпраўджаны ёй жа.

Што мы бачым у гэтай перапісцы? Мы бачым, што правая рука польскага прэм’ера просіць былога першага сакратара пасольства Польшчы ў Беларусі Марэка Буцьку (якога ў публікацыі называюць рэзыдэнтам польскай разьведкі) скласьці яму сьпіс беларускіх блогераў, па пару абзацаў інфармацыі і здымак. Стоп! Калі Польшча трымае на кручку беларускіх блогераў і тэлеграм-каналы, якія нібыта каардынуюць пратэсты, то навошта прадстаўніку ўраду (!!!) прасіць былога дыпламата, які цяпер працуе ў грамадзкай арганіацыі, скласьці яму такі сьпіс? Ён мусіць проста даць заданьне спэцслужбам перадаць яму дакумэнты аб сваіх агентах, не? Маўляў, скінь папкі нашых хлопцаў. Далей яшчэ больш сьмешна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра няўрадавыя арганізацыі і СМІ: «Ідзе зачыстка»

«Выведнік» Буцька адказвае на просьбу Дворчыка: «Я нікога зь іх ня ведаю, гэта маладое пакаленьне». Насамрэч усё вельмі банальна. Дворчык, правая рука польскага прэм’ера, ведае, што польская выведка і блізка не стаяла да беларускіх блогераў, таму просіць памагчы з інфармацыяй даўняга знаёмага Буцьку, які калісьці працаваў у Беларусі.

Ёсьць і яшчэ адзін нюанс. Перапіска Дворчыка і Буцькі адбываецца... пасьля 18 жніўня. Ужо тыдзень пасьля чатырых дзён жорсткіх сутыкненьняў у Менску і іншых гарадах. Пасьля 300-тысячнай дэманстрацыі і стварэньня Каардынацыйнай рады (дарэчы, правая рука прэм’ера Польшчы просіць расказаць, хто гэтыя людзі ў той Каардынацыйнай радзе). То бок гэта даказвае, што Польшча ня толькі не магла каардынаваць ніякіх пратэстаў, блогераў. Яна банальна ня ведала, хто ўсе гэтыя людзі. Канцылярыя польскага прэм’ера зацікавіліся і блогерамі, і рэштай ужо пасьля фазы першых пратэстаў. А зацікавілася чаму? Бо проста хацела памагчы ў рамках праграмы «Салідарныя зь Беларусьсю» і ня ведала, каму памагаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі пацьвердзіла экстрадыцыю байца Аляксея Кудзіна з Масквы ў Менск

А вішанька на торце — NEXTA. У той час, як дзяржаўная прапаганда ў Беларусі вешала локшыну на вушы, што за ім стаіць Польшча, правая рука польскага прэм’ера распытвае ў былога дыплямата, а што гэта за чалавек. І Буцька (той, што нібыта выведнік) выказвае надзею, што ў польскай пракуратуры ня знойдзецца дурня, які выдасьць яго Беларусі (!!!). То бок у той час, калі БелТА піша, што Пуціла працуе ў штабе польскай спэцгрупы псыхалягічных апэрацый «Чорныя павукі» (для палякаў такое словазлучэньне навіна) пад горадам Быдгашч, «польскі выведнік» піша ва ўрад, што ня ведае, хто гэта, высылае нагугленую інфу (як і ўся іншая ў ягоных мэйлах) і спадзяецца, што яго не выдадуць у Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.