Апэляцыйны суд у Маскве пакінуў ў сіле рашэньне аб выдачы беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна

Аляксей Кудзін падчас мінулагодніх пратэстаў у Маладэчне

21 ліпеня а 14-й гадзіне пачалося судовае пасяджэньне, па выніках якога Аляксей Кудзін мог бы выйсьці зь СІЗА ў Падмаскоўі. Але не выйшаў.

У выніку Апэляцыйны суд пакінуў ў сіле рашэньне Маскоўскага абласнога суду аб выдачы Беларусі Аляксея Кудзіна. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў камітэце «Гражданское содействие», які юрыдычна дапамагаў спартоўцу, у тым ліку прадставіў адваката.

21 ліпеня Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) забараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады ягонай абароны.

«Мы настойваем на тым, каб было прынятае пад увагу рашэньне ЭСПЧ аб прымяненьні правіла 39 рэглямэнту Суду», — зазначылі ў Камітэце.

Калі прымяніць правіла 39 Рэглямэнту ЭСПЧ, тады беларуса мусяць выпусьціць сёньня. Згодна з расейскім заканадаўствам, у нуль гадзін заканчваеца ягоны шасьцімесяцовы тэрмін пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскі суд адхіліў скаргу баксёра Кудзіна на экстрадыцыю ў Беларусь

У Маскву для затрыманьня кікбаксэра Аляксея Кудзіна выехалі прадстаўнікі беларускіх сілавых структур. Як сьцьвярджае Фонд спартовай салідарнасьці, іх апазналі пасажыры ў менскім аэрапорце.

Раней Маскоўскі суд не задаволіў скаргу абароны Аляксея Кудзіна, якая дамагалася забароны на экстрадыцыю ў Беларусь, дзе спартоўцу пагражае працяглы тэрмін зьняволеньня нібыта за напад на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў экстрадыцыю кікбаксэра Кудзіна з Расеі ў Беларусь

Фонд спартовай салідарнасьці зьвярнуўся з заклікам да прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Расеі і ўсіх неабыякавых грамадзянаў прыйсьці падтрымаць Аляксея Кудзіна па адрасе: СІЗА-12, Зеленаград, вуліца Панфілава, 21.