Зьняволеная журналістка Інэса Студзінская абвясьціла галадоўку

Іна Студзінская

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла знаёмая Студзінскай, якая атрымала інфармацыю ад яе сукамэрніцы. Дадаткова спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося.

Інэсу Студзінскую ​затрымалі 16 ліпеня пасьля ператрусу. У той жа дзень затрымалі Алеся Дашчынскага і Алега Грузьдзіловіча. Усе яны шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода і летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі. Таксама ў той дзень былі затрыманыя журналісты тэлеканалу Белсат Ганна Галёта і Ігар Ільяш.

20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі затрыманыя да 10 дзён. Інфармацыі пра Інэсу Студзінскую няма. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюцца журналісты.

Справу вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску. Адвакатаў па-ранейшаму ніхто нікуды не выклікаў і нічога не паведамляў, хоць яны даслалі паведамленьні пра абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузьдзіловіч, Дашчынскі, Студзінская — вэтэраны Радыё Свабода на Акрэсьціна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не спыняцца і не апускаць рук!», — зьняволены журналіст Ігар Ільяш праз адваката зьвярнуўся да калег

Кіраўнік Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай зрабіў заяву з нагоды затрыманьня журналістаў:

«Арышт Алеся Дашчынскага з РСЭ / РС — як і арышты яго калегаў Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і многіх іншых незалежных беларускіх журналістаў — зьяўляецца апошнім яркім сьведчаньнем адчаю Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя бесьперапынныя напады на журналістаў, якія служаць народу Беларусі, не схаваюць праўды аб тым, што адбываецца ў краіне. Алесь і яго калегі павінны быць неадкладна вызваленыя».

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі затрыманых журналістаў палітвязьнямі. Агулам па стане на 20 ліпеня​ прызналі палітвязьнямі 577 чалавек.