Кіраўнік МЗС Літвы: «Заявы Лукашэнкі? Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае не разьлічваем»

Габрыелюс Ландсбергіс

Габрыелюс Ландсбергіс пракамэнтаваў апублікаваную 19 ліпеня заяву Лукашэнкі пра нібыта гатоўнасьць дапамагчы Літве ў міграцыйным крызісе. Ён назваў яго словы «шантажом».

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра дапамогу Літве ў барацьбе зь мігрантамі пракамэнтаваў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, піша Delfi.

«Гэта не дапамога, гэта шантаж. Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае і не разьлічваем. Адказ просты — калі Менск ня спыніцца і працягне дастаўляць мігрантаў, Літва прапануе новыя санкцыі», — перадала словы міністра яго прэс-сакратар Вітаўта Шмайжыце.

Напярэдадні ў інтэрвію тэлеканалу Sky News Arabia Лукашэнка адпрэчыў абвінавачаньні ў спрыяньні дастаўцы мігрантаў на літоўскі бок. Ён заявіў, што да міграцыйнага крызісу датычныя «групоўкі людзей злачыннага характару», якія знаходзяцца ў самой Літве. Таксама Лукашэнка заявіў, што гатовы дапамагчы Літве ў гэтай барацьбе, «але не задарма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што гатовы дапамагчы Літве разьвязаць крызіс зь мігрантамі, але «не задарма»

Паводле апошніх зьвестак, на беларускай мяжы літоўскія памежнікі ад пачатку году затрымалі 2096 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 26 разоў больш, чым летась. Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі. Парлямэнт Літвы на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў узрастаньне міграцыі празь Беларусь «гібрыднай агрэсіяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самі будзеце іх есьці і лавіць». Як разьвіваўся мігранцкі крызіс на мяжы Літвы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы папрасіў Турэччыну скараціць лік авіярэйсаў са Стамбулу ў Менск