«Залатую пальмавую галіну» Канскага кінафэстывалю атрымаў фільм «Тытан»

Жулія Дзюкурно, рэжысэрка пераможнага фільму

Уладальнікам Залатой пальмавай галіны, галоўнай узнагароды 74-га Канскага кінафэстывалю, стаў фільм жанру body horror «Тытан» францускай рэжысэркі Жуліі Дзюкурно.

Цырымонія абвяшчэньня пераможцаў прайшла ў суботу ў Палацы фэстываляў.

Другую паводле значнасьці ўзнагароду Канскага кінафэстывалю, Гран-пры, заваявалі адразу дзьве работы: іранскі фільм «Герой» рэжысэра Асгара Фархадзі і фільм «Купэ нумар шэсьць» фінскага рэжысёра Юха Куосманэна.

Уладальнікам узнагароды за найлепшую рэжысуру стаў францускі рэжысэр Леос Каракс за фільм «Анэт».

Найлепшым акторам стаў Калеб Лэндры Джонс за ролю ў фільме «Нітрам» аўстралійскага рэжысэра Джастына Курзэля. Узнагарода за найлепшую жаночую ролю дасталася Рэнаце Рэйнсвэ за працу ў фільме нарвэскага рэжысэра Ёакима Трыера «Найгоршы чалавек на сьвеце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі адкрываецца 74-ы Канскі кінафэстываль. Што пакажуць

Прыз за найлепшы сцэнар дастаўся японскаму фільму «Сядзь за стырно маёй машыны» рэжысэра Р’юсукэ Хамагуці, які экранізаваў апавяданьне Харукі Муракамі.

Прыз журы дастаўся дзьвюм карцінам — «Калена Ахеда» ізраільскага рэжысэра Надава Лапіда і «Памяць» тайскага рэжысэра Апічатпонга Вірасэтакула.

Ганаровую Залатую пальмавую галіну ўручылі італьянскаму актору і рэжысэру Марка Бэлёкьё.