Амаль 2 мільёны эўра: у Літве затрымалі новую партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі

Выяўленыя Крымінальнай службай мытні Літвы цыгарэты

Як паведаміла Крымінальная служба мытні, кантрабанда была выяўленая ў грузавіку Scania, за рулём якога знаходзіўся грамадзянін Беларусі. Кіроўца дэкляраваў, што вязе транзытам празь Літву ў Польшчу 20,5 тон драўніны.

Як паведамляе delfi.lt, пры прастукваньні грузу ў службовых асоб выклікаў падазрэньне глухі гук, характэрны для запоўненых паражнін. Пры дэталёвай праверцы выявіліся схованкі, поўныя цыгарэт Minsk Capital MS.

Па папярэдніх дадзеных (праверка схованак і падлік цыгарэт яшчэ ня скончаныя), у цэлым у грузавіку маглі правозіць каля 560 тысяч пачак цыгарэт, кошт якіх з абавязковымі да выплаты падаткамі складаў бы 1,94 млн эўра.

Кіроўцу грузавіка затрымалі на двое сутак, пазьней яго адпусьцілі, была прызначаная меры стрыманьня – канфіскацыя дакумэнтаў, падпіска аб нявыезьдзе і грашовы заклад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі затрымалі ў пятніцу 121 мігранта зь Беларусі