«Гэта не паўплывае на жыхароў Беларусі». Эўракамісарка ўдакладніла свае словы пра візавыя санкцыі

Эўракамісар унутраных справаў Ільва Югансан

Эўракамісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан патлумачыла ў твітары свае словы, што праз сытуацыю на літоўска-беларускай мяжы Эўразьвяз можа прыпыніць выдаваньне візаў беларусам.

«Як я ўжо згадвала Эўразьвяз гатовы разгледзець дзеяньні супраць рэжыму ў Беларусі, у тым ліку ў рамках візавага рэжыму. Гэта не паўплывае на жыхароў Беларусі, якія і далей будуць карыстацца пагадненьнем, уключаючы нізкую плату за візу», — напісала Югансан у Твітары.

  • Выступаючы 12 ліпеня ў Эўрапарлямэнце, эўракамісарка ня выключыла магчымасьці, што праз сытуацыю на літоўска-беларускай мяжы Эўразьвяз прыпыніць выдаваньне візаў беларусам.
  • Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася ў сваім твітэры да Ільвы Югансан і Эўрапарлямэнту, падкрэсьліваючы, што «санкцыі мусяць тычыцца рэжыму, а не людзей». Прапанову прыпыніць выдачу візаў беларусам яна назвала «недальнабачнай».
  • Па выніках кантакту з Эўракамісіяй Ціханоўская паведаміла ў твітары, што «інфармацыя аб ініцыятыве прыпыніць выдачу візаў беларусам не пацьвердзілася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 млн эўра і патрулі. Чым яшчэ Эўразьвяз дапаможа Літве ў вырашэньні міграцыйнага крызісу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 56 мігрантаў зь Беларусі затрымалі ў Літве. Вільня прапанавала Эўразьвязу тры варыянты санкцый супраць Лукашэнкі