Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
8 ліпеня сілавікі затрымалі журналіста ў санаторыі «Пліса», дзе ён адпачываў. Перад гэтым зранку прыяжджалі да яго дадому. Пасьля затрыманьня ў кватэры Лупача правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон.
Падставай для затрыманьня Лупача стала крымінальная справа за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці» (частка 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Яе завялі за відэаролік у тэлеграм-канале «Глубокое для жизни». У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ёсьць выказваньні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў над сілавікамі.
Відэаролік хтосьці разьмясьціў пад нікам «Zmagar BNR».
Дакумэнты аб затрыманьні Лупача падпісаў начальнік Глыбоцкага раённага аддзела Сьледчага камітэту падпалкоўнік Сяргей Плікат.
Акрамя Зьмітра Лупача, у Глыбокім і Докшыцах затрымалі некалькі грамадзкіх актывістаў. Пяцёра зь іх адсядзелі ў ІЧУ 72 гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 ліпеня затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятары сама меней 14 журналістаў і грамадзкіх актывістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт у правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу журналіста з Глыбокага на парушэньне ягоных правоў