Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт у правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу журналіста з Глыбокага на парушэньне ягоных правоў


Зьміцер Лупач

Скарга за подпісам Зьмітра Лупача зарэгістраваная пад нумарам 3306. Ён настойвае, што беларуская дзяржава парушыла патрабаваньне арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: крытычна абмежавала яму магчымасьці свабодна выказваць прафэсійную думку.

Пастановай суду Глыбоцкага раёну ад 22 сьнежня 2018 году журналіст Зьміцер Лупач прызнаны вінаватым ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, што выявілася ў незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. За гэта яго аштрафавалі на 612 рублёў 50 капеек, нагадвае рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская вясна».

На падставе скаргі журналіста абгрунтаванасьць пастановы праверыў Віцебскі абласны суд, але не знайшоў парушэньняў і пакінуў рашэньне бязь зьменаў.

Палічыўшы, што наступнае абскарджаньне ў старшыні Вярхоўнага суду не прывядзе да аднаўленьня парушаных правоў, журналіст спыніў ліставаньне зь беларускімі судамі і органамі пракуратуры.

У сваю чаргу беларуская дзяржава лічыць, што журналіст не прайшоў усіх працэдур абароны сваіх правоў на нацыянальным узроўні і раіць Камітэту не разглядаць звароту Зьмітра Лупача. Факт звароту грамадзяніна ў міжнародны праваабарончы орган улады расцэньваюць як злоўжываньне правам.

«Права Зьмітра Лупача на свабоднае выказваньне думкі ў адпаведнасьці з артыкулам 19 Пакту ніяк не парушана. Пунктам 1 арт. 29 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека вызначана, што кожны чалавек мае абавязкі перад грамадзтвам, у якім толькі i магчыма свабоднае i поўнае разьвіцьцё яго асобы. У сілу часткі 2 арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто ня можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Вызначаны парадак дзейнасьці журналістаў СМІ ня можа разглядацца як абмежаваньне права на свабоднае выказваньне думкі», — агучылі свае аргумэнты беларускія чыноўнікі.

Але такое тлумачэньне для Камітэту правоў чалавека ААН ня стала вызначальным. Скарга журналіста з Глыбокага зарэгістраваная і, паводле працэдуры, будзе разгледжаная ў найбліжэйшы час.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG