Псыхоляг Уладзімер Янчук: «Свабодных людзей заўсёды паважаюць, а пакорлівых эксплюатуюць»

Уладзімер Янчук

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» даём слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такі Ўладзімер Янчук:

  • Уладзімер Янчук — доктар псыхалягічных навук, прафэсар катэдры псыхалёгіі Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, катэдры сацыяльнай і арганізацыйнай псыхалёгіі БДУ, запрошаны прафэсар Казаскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Аль-Фарабі, шэрагу іншых замежных унівэрсытэтаў.
  • У перадвыбарчы пэрыяд кансультаваў Валера Цапкалу.
  • Напярэдадні выбараў стаў весьці ў Фэйсбуку рубрыку «Паліт-псыхааналіз», разьбіраючы сытуацыю ў краіне. Пасьля выбараў адкрыта выказваў і працягвае выказваць у СМІ і ФБ сваю пазыцыю.
  • Публічна заяўляў пра гатоўнасьць быць пасярэднікам у перамовах паміж уладай і Каардынацыйнай радай па стварэньні ўмоў для міжнацыянальнай згоды.

Уладзімер Янчук

«Каб стаць грамадзянскай супольнасьцю, людзі павінны прайсьці празь цяжкасьці»

— Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Па-першае, мне захацелася растлумачыць тое, што адбываецца, і супакоіць людзей. Я даўно займаюся сацыяльнай псыхалёгіяй, таму для мяне гэтыя працэсы былі зразумелыя. І, сам таго не жадаючы, я ператварыўся ў псыхатэрапэўта для неабыякавай аўдыторыі. За кароткі пэрыяд гэтая аўдыторыя вырасла да 5 тысяч у маім фэйсбуку, а прагляды інтэрвію на «Белсаце» і «Эўрарадыё» даходзілі і да сотні тысяч. Я зразумеў, што гэта людзям патрэбна.

Па-другое, я хацеў сваім прыкладам паказаць, што трэба не маўчаць, а адкрыта дэманстраваць уласную думку . Такую пазыцыю я заняў адразу, і таму на наступны дзень пасьля выбараў напісаў заяву аб звальненьні з пасады дэкана, каб не падстаўляць кіраўніцтва, ня ўдзельнічаць у адміністрацыйных гульнях.

І менавіта дзякуючы гэтай адкрытай пазыцыі мяне сталі знаходзіць і прасіць дапамагчы людзі, якія былі вымушаныя маўчаць, былі ўцягнутыя ў фальсыфікацыю вынікаў выбараў. Яны расказвалі мне пра свой першапачатковы страх і наступнае прасьвятленьне, пра сорам за зробленае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая адвакатка Людміла Казак: «Свабода — гэта чыстае сумленьне і незапэцканыя рукі»

Вельмі важна ствараць такія прэцэдэнты. Бо насамрэч шмат людзей гатовыя не маўчаць, проста ў іх няма досьведу, звычкі прамаўленьня. І калі яны глядзяць на тых, хто адкрыта выказваецца, таксама пачынаюць практыкаваць. Так і фармуецца грамадзянская супольнасьць — калі людзі здольныя выказваць і адстойваць сваю думку.

Ці зьмянілася псыхалёгія беларусаў за год? Так. Спачатку многія жылі ілюзіямі, у тым ліку — ілюзіямі хуткай перамогі. Але я ў жніўні сумленна напісаў, што мы толькі на пачатку вельмі няпростага і працяглага шляху пабудовы нашага дэмакратычнага дома. Сёньня я магу сказаць, што мы ўжо напрыканцы гэтай дарогі. Я маю зносіны з аўдыторыяй і бачу, што яна сасьпявае і сьвядома пераходзіць у новую якасьць — свабодных грамадзян.

Калі б у жніўні ўсё адбылося вельмі хутка, магчыма, не было б такога станаўленьня і кансалідацыі нацыі.

Уладзімер Янчук

Каб стаць грамадзянскай супольнасьцю, людзі павінны прайсьці празь цяжкасьці. Працэс самапрасьвятленьня вельмі важны. Сёньня пена сыходзіць, і фармуецца кола людзей, якія не баяцца, сьвядома рухаюцца наперад і шукаюць рашэньні. Гэта ядро, якога дастаткова для пераменаў. Патэнцыял для разьвіцьця мы набяром вельмі хутка.

А вось рэсурс уладаў ужо практычна вычарпаны. Іх ірацыянальныя дзеяньні выцьвярэжваюць ужо нават заўзятых прыхільнікаў. Я нядаўна размаўляў з такім падпалкоўнікам у адстаўцы. Калі вясной Лукашэнка прысвоіў сыну Віктару генэральскае званьне, у падпалкоўніка быў шок — за што? І чалавек рэзка памяняў да яго стаўленьне. І такіх прыкладаў шмат.

Цяпер там значна больш страхаў, чым у асяродзьдзі прыхільнікаў пераменаў. Снайпэры, праверка лямпіёнаў на плошчы Перамогі перад візытам, гістэрычныя пошукі ворага — усё праз страх. Так што зараз ідзе барацьба на энэргетычнае зьнясіленьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джазмэн Павал Аракелян: «Свабода — гэта прагрэс, а прыстасавальніцтва — рэгрэс»

Акрамя таго, унутры сыстэмы ідзе паляваньне на ведзьмаў — ачышчэньне ад думаючых людзей. Кадры драбнеюць. А калі няма адпаведнай кваліфікацыі, прымаюцца адпаведныя рашэньні. Няма ініцыятывы — усе чакаюць указаньняў. А ўказаньні будуюцца не на рэальнай ацэнцы сытуацыі, а на міталягемах, якія малюе бліжэйшае асяродзьдзе. Няма адэкватнасьці — пачынаюцца збоі.

Гэтая дэградацыя, дарэчы, ідзе даўно, і я яе асабіста назіраў. На пачатку 2000-х я і яшчэ адзін прафэсар (ужо нябожчык) Андрэй Тур працавалі ў Інстытуце вышэйшых кадраў з нашымі намесьнікамі міністраў, пасламі і іншымі топ-чыноўнікамі. І я бачыў, як літаральна за пяць гадоў кадры дэградуюць. Урэшце аўдыторыя проста стала маўклівая.

Думаю, адбылася і яшчэ адна значная зьмена ў сьвядомасьці беларусаў. Раней шмат хто баяўся страты сувэрэнітэту, маўляў, толькі аўтарытарны лідэр можа яго забясьпечыць. Я заўсёды падкрэсьліваў, што гэта ілжывая дылема. Прыярытэт — не геапалітыка, а эўрапейскія, агульначалавечыя каштоўнасьці, правы чалавека, у тым ліку права на іншадумства, і калі яны парушаюцца, ніякіх кампрамісаў не павінна быць у прынцыпе. Мне здаецца, сёньня гэта ўжо стала зразумела большасьці.

«Моцныя духам ніколі не прападуць, бо не апусьцяць рук»

— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Нічога ня страціў, толькі набыў яшчэ большую свабоду. Я вольны, бо не трымаюся за сваё месца, бо запатрабаваны ў сьвеце, магу лёгка знайсьці працу. Ну, звольняць мяне, іншых прафэсараў ці ўнікальных спэцыялістаў, і каму праз гэта будзе горш? Пацярпім ня мы: моцныя духам, адукаваныя людзі ніколі не прападуць, бо не апусьцяць рук і знойдуць сабе справу. Пацярпіць адукацыя. Яна і так ужо неканкурэнтаздольная. Калі няма свабоды духу, няма і разьвіцьця, а тым больш дасягненьняў сусьветнага маштабу.

Увогуле ж, мне здаецца, людзям ня варта баяцца звальненьняў або іншых наступстваў. Рутына суправаджаецца дэградацыяй, а цяжкасьці і новыя абставіны прымушаюць рухацца наперад, знаходзіць іншыя магчымасьці і пазнаваць сябе. Так, нехта ў гэтым самапазнаньні прыйдзе да высновы, што ён баязьлівец ці бездар. Але прызнаньне — гэта крок наперад, вызваленьне ад ілюзій. Гэта здабытак, а не прысуд.

— Што вы здабылі праз актыўную пазыцыю?

— Я здабыў сувязь з жыцьцём. Да гэтых падзей я варыўся ў акадэмічным асяродзьдзі, а цяпер убачыў велізарную колькасьць цікавых людзей і займеў сярод іх сяброў.

Я здабыў навуковую пэрспэктыву. Раней я займаўся сацыяльнай псыхалёгіяй на ўзроўні тэорыі, а цяпер маю ўнікальную магчымасьць бачыць працэсы ўжывую. Гэта істотны набытак для прафэсіянала.

Я займеў яшчэ больш павагі ў людзей, у тым ліку ў вачах уласных дзяцей. Гэты Новы год мы адзначалі ў сямейным коле. І мае жонка і дзеці разам прысьвяцілі мне тост павагі за маю грамадзянскую пазыцыю. І гэта вельмі важна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак: «Свабода — гэта шчасьце ўсьведамляць, што ад цябе нешта залежыць»

Што ўвогуле здабывае чалавек, які перастае баяцца і адкрыта выказвае сваю думку? Галоўнае, ён набывае самапавагу.

Калі чалавек даносіць сваю пазыцыю, то станавіцца саўдзельнікам таго, што адбываецца. Ён вучыцца будаваць сваё жыцьцё, усьведамляць сваю адказнасьць — што ад яго нешта залежыць. А гэта вельмі прыемнае пачуцьцё. Варта толькі паспрабаваць.

Свабодны чалавек таксама здольны дамаўляцца з усімі, а не канфрантаваць, як сёньня, калі палярызацыя грамадзтва ствараецца і падтрымліваецца штучна. Дыялёг пачынаецца з прызнаньня права на іншасьць.

— Ці было гэта таго варта?

— Я ні пра што не шкадую. Наадварот, лічу, што правільна зрабіў, што не схаваўся ў кусты. Хаця, ня буду ўтойваць, спачатку было страшна. Калі ішоў на мітынг ці выходзіў зь першага інтэрвію «Белсату» — пабойваўся, азіраўся. А потым прайшло. Гэта ж таксама саманавучаньне, самапераадольваньне.

Свабодныя людзі заўсёды выклікаюць павагу, бо прытрымліваюцца каштоўнасьцяў. Калі вы захоўваеце агульначалавечыя каштоўнасьці, то гарантуеце сваё заўтра, калі парушаеце каноны — пазбаўляеце сябе будучыні. Таму і важныя мараль, этыка — яны забясьпечваюць гарманічнае заўтра.

Уладзімер Янчук

Некаторыя апраўдваюць сваю бязьдзейнасьць пакорай. На мой погляд, гэта тая ж баязьлівасьць, толькі з больш прыгожай назвай. Скараючыся перад злом, гвалтам, хамствам, вы паказваеце, што з вамі можна так паступаць, і вас будуць эксплюатаваць яшчэ больш. Гэта як са злым сабакам: ён не чапляецца да таго, хто яго не баіцца, а вось спалоханы чалавек якраз правакуе яго на агрэсію.

За ўласную пазыцыю заўсёды будзе павага, а адсутнасьць пазыцыі і маўклівасьць прывядуць да зьдзекаў і страты пачуцьця годнасьці.

— Ці баіцеся вы сёньня?

— За сябе — не, а за краіну баюся. Зразумела, што цяперашнія рэсурсы ўлады (запалохваньне, гвалт) калісьці скончацца. Але калі працэс зацягнецца, можа быць больш ахвяр і скалечаных лёсаў. Улада ў агоніі, а ў такім стане розум адключаецца. Але наперадзе ў нас новыя цяжкасьці — эканамічныя. І гэта, я спадзяюся, актывізуе людзей і паскорыць працэс пераменаў.

«Калі гаворыць шмат людзей, зь імі немагчыма змагацца, а вось паасобку выхопліваць лёгка»

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.

— Сям’я, настаўнікі, падарожжа па сьвеце.

У маёй сямʼі былі любоў, паважлівае стаўленьне, прыхільнасьць да маральным каштоўнасьцяў, гуманізму. Мама была бібліятэкаркай, таму мы былі вельмі начытаныя. Бацька быў вайскоўцам старой школы. Калі мэдсястра заходзіла ў палату, хоць і быў толькі пасьля апэрацыі, ён ускокваў — жанчына ж увайшла!

Мне пашанцавала са школьнымі і ўнівэрсытэцкімі пэдагогамі. Гэта былі свабодныя, вельмі кваліфікаваныя людзі, з пачуцьцём самапавагі, якія падтрымлівалі дыялягічныя ўзаемаадносіны са студэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі ёсьць дух свабоды, тады няма страху і смутку»

Я шмат падарожнічаў, абʼезьдзіў 83 краіны. Упершыню выехаў у 1984 годзе ў ЗША. Жыў некаторы час у Вялікай Брытаніі. Меў зносіны з буйной унівэрсытэцкай прафэсурай. Гэта дало магчымасьць ацаніць сябе, навучыцца выбудоўваць паважлівыя адносіны, адстойваць свае пазыцыі.

Безумоўна, для адчуваньня свабоды важная эканамічная аўтаномія. Таму пра гэта трэба думаць загадзя і ўкладаць у сябе. Але тут у нас складанасьці. У свой час я праводзіў дасьледаваньні сярод кітайскіх, туркмэнскіх і беларускіх студэнтаў аб узроўні тэмпаральнасьці — уменьні пралічваць будучыню, падпарадкоўваць заўтра і пасьлязаўтра. Вынікі былі ашаламляльныя: у кітайцаў гэты паказчык быў на ўзроўні 50 гадоў, у туркмэнаў — 10 гадоў, у нас — 0. То бок кітайцы і туркмэны ўмеюць пралічваць наперад, разумеюць, што трэба ўкладаць у сваю адукацыю і кваліфікацыю, што трэба прытрымлівацца маральных законаў, каб ня страціць будучыню, а мы не разумеем. Напэўна, так адбылося часткова праз навучаную бездапаможнасьць, калі нам унушалі, што ад нас нічога не залежыць. Думаю, цяперашнія выпрабаваньні пазбаўляюць грамадзтва ад гэтага.

— Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?

— Працягваць вучыцца быць грамадзянамі.

Гаварыць тое, што думаеце, на любым узроўні і не хаваць нічога, што супярэчыць духу сумленнага чалавека. Калі гаворыць шмат людзей, зь імі немагчыма змагацца, а вось паасобку выхопліваць лёгка.

Вучыцца выказваць свае пярэчаньні. Калі вы пачынаеце задаваць пытаньні кіраўніцтву, то выклікаеце яго на дыялёг, і начальнікі пачынаюць з вамі лічыцца, тлумачыць нешта ці нават прызнаваць свае памылкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лінгвістка-выкладчыца Натальля Дуліна: «Свабода — гэта жыцьцё без крывадушнасьці»

Выбудоўваць адносіны з улікам таго, што іншы чалавек можа баяцца, памыляцца, — і імкнуцца дапамагчы яму зьмяніцца. Тое, што людзі не мяняюцца, — гэта міт, яшчэ як мяняюцца.

Набываць пачуцьцё годнасьці. Гэта сыстэмны і складаны працэс, але можна прытрымлівацца тэхналёгіі step by step — вучыцца на малых справах. Раней не глядзеў у вочы суразмоўцу, а цяпер паспрабую паглядзець, раней не задаваў пытаньняў начальніку, а цяпер паспрабую спытаць, раней не казаў, што думаю, а цяпер скажу. І з кожным наступным крокам ускладняць задачы.

Наперадзе нас чакае цікавы час — пабудова новага сьвету. І гэта ўнікальныя досьвед і магчымасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская: «Свабода немагчымая без уласнай ахвяры»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфэкцыяніст Мікіта Салавей: «Свабодным мяне робіць адказнасьць за пацярпелых»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Ігар Ляшчэня: Мой сэнс свабоды — быць у Беларусі і дзейнічаць адкрыта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самбіст Сьцяпан Папоў: «Быць свабодным — гэта ведаць сабе цану»