Павал Севярынец з турмы прыслаў сям'і партрэт сына

Суд над Паўлам Севярынцам. Магілёў, 25 траўня 2021

На днях стане вядомая дата апэляцыйнага суду па скарзе палітвязьня Паўла Севярынца. Сам суд і перавод у калонію мусіць адбыцца цягам наступных месяцаў.

Паводле жонкі палітвязьня Вольгі Севярынец, сам суд і перавод у калёнію мусіць адбыцца на працягу бліжэйшых месяцаў.

«Учора ён даслаў Францішку ліст з партрэцікам: у іх асобная перапіска, Францішак малюе тату малюнкі, Паша яму — машынкі, і піша неймаверна пяшчотныя лісточкі ад таты сыну. Як сын падрасьце, будзе перачытваць іх і ганарыцца сваім татам яшчэ больш», — напісала жонка палітвязьня Вольга Севярынец.

Таксама Вольга зазначае, што Павал больш-менш у норме, наколькі гэта магчыма ў турме: піша працяг раману, складае хрысьціянскую віктарыну, адпісвае лісты.

У найбліжэйшы час Павал Севярынец будзе заставацца ў Магілёве. Адрас для лістоў: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4.

Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. У дачыненьні да яго тады былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама яму далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019-га і студзені 2020-га.

Пасьля 75 сутак Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там прад’явілі абвінавачаньне.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Севярынцу абвясьцілі прысуд. Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла палітыка да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol расказаў, хто затрымліваў Паўла Севярынца роўна год таму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Францішак прасіў, каб тата з намі пайшоў на вуліцу». Севярынец у турме сустрэўся з жонкай і сынам