«Міністэрства юстыцыі павінна забясьпечыць, каб усім, хто падпадае пад фэдэральную сыстэму крымінальнага правасудзьдзя, ня толькі даваліся правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і законамі Злучаных Штатаў, але і каб зь імі абыходзіліся справядліва і гуманна», — гаворыцца ў заяве Гарланда.
Ён дадаў: «Гэта абавязаньне мае асаблівую сілу ў выпадках, зьвязаных са сьмяротным пакараньнем».
На слуханьнях у Сэнаце пры зацьвярджэньні яго кандыдатуры на пасаду генэральнага пракурора Гарланд заявіў, што ў яго ёсьць асьцярогі, якія тычацца пакараньняў сьмерцю нявінных людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам», — Эўразьвяз пра магчымае выкананьне сьмяротнай кары ў БеларусіПрэзыдэнт Джо Байдэн паабяцаў падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі падтрымаць заканадаўства, накіраванае на адмену сьмяротнага пакараньня.
Сьмяротнае пакараньне на фэдэральным узроўні было адменена ў ЗША ў 1972 годзе рашэньнем Вярхоўнага суду. Але ў 1988 годзе яно было часткова адноўленае, піша «Голас Амэрыкі». Пры гэтым большасьць сьмяротных пакараньняў у ЗША праходзіць не на фэдэральным узроўні, а на ўзроўні асобных штатаў — лідэрам тут зьяўляецца Тэхас, дзе ад 2010 году адбылося 125 сьмяротных пакараньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп анансаваў закон пра сьмяротнае пакараньне за масавыя забойствыСМІ зьвяртаюць увагу, што ў апошнія месяцы знаходжаньня ва ўладзе адміністрацыі папярэдняга прэзыдэнта Дональда Трампа ў краіне выканалі 13 сьмяротных прысудаў. Фэдэральныя пакараньні ў ЗША не праводзіліся цягам 17 гадоў, да ліпеня 2020 году, калі Трамп адмяніў устаноўлены мараторый.
ЗША — адзіная з заходніх краін, дзе да гэтага часу выковаюцца сьмяротныя прысуды. Сьмяротнае пакараньне практычна адменена ва ўсіх краінах Эўропы, акрамя Беларусі. Толькі за 2020 год на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі былі асуджаныя тры чалавекі.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).