Амбасадар Эўразьвязу, высланы зь Менску, паабяцаў працаваць дзеля вольнай Беларусі і ў Брусэлі

Дырк Шубэль

Дырк Шубэль зьехаў зь Менску на патрабаваньне МЗС Беларусі. Ён заявіў, што падтрымлівае сем’і палітвязьняў і памкненьні беларусаў да пабудовы свабоднага і адкрытага грамадзтва.

Амбасадар Эўрапейскага зьвязу ў Менску Дырк Шубэль, які пакінуў Менск на патрабаваньне МЗС Беларусі, падзякаваў амбасадарцы Швэцыі Крысьціне Ёханэсан і іншым калегам за апошнюю сустрэчу ў Менску.

«Я пакінуў Беларусь сёньня і адправіўся на „кансультацыі“ ў Брусэль, як таго запатрабавала беларускае МЗС, і такім чынам падзяліў лёс маіх польскіх, літоўскіх і латвійскіх калег. Нашу калегу з ЗША нават не пусьцілі».

Таксама Шубэль напісаў, што Беларусь сёньня ўжо ня тая краіна, у якую ён прыехаў 22 месяцы таму. Аднак ён мае веру ў тое, што беларусы пераадолеюць усе цяжкасьці і пабудуюць свабоднае і гасьціннае грамадзтва. Шубэль спадзяецца неўзабаве вярнуцца ў краіну, у якой працаваў амаль два гады.

«А пакуль мае думкі застаюцца таксама з кожным палітвязьнем, з кожным чалавекам, зь якім абыходзіліся несправядліва, зь іх сямейнікамі, з тымі, хто страціў сваіх блізкіх у мінулым „турбулентным“ годзе», — дадаў Шубэль.

Дыплямат паабяцаў працягваць працаваць і ў Брусэлі дзеля будучыні свабоднай Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ ня хоча караць беларусаў за Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі спыняюць дзейнасьць Інстытуту Гётэ і Нямецкай службы акадэмічных абменаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стратэгічнай мэты з распрацаваным пакрокавым сцэнарам, каб зрынуць Лукашэнку, — такога ў Захаду няма», — Рудкоўскі