Выпускніца ў Баранавічах сфатаграфавалася зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яе пакарала камісія ў справах непаўналетніх

  • БелаПАН

Тацяна Малашчанка, маці Ядвігі

Ядвіга Малашчанка з гімназіі № 4 атрымала папярэджаньне. Сябрам камісіі яна заявіла, што нацыянальны сьцяг дарагі для яе сям’і.

Выпускніцы баранавіцкай гімназіі № 4 вынесьлі папярэджаньне за фота зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яе ўчынак разглядала камісія ў справах непаўналетніх. 30 чэрвеня яна прызнала Ядвігу Малашчанку вінаватай у парушэньні заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, піша БелаПАН.

6 чэрвеня на Ядвігу Малашчанку склалі два пратаколы за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 24.23 КаАП). Дзяўчына пасьля выпускной лінейкі ў гімназіі сфатаграфавалася зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Маці выпускніцы Тацяна Малашчанка сказала, што справу Ядвігі разглядалі ў закрытым рэжыме. У складзе камісіі былі прадстаўнікі пракуратуры, гімназіі, лекар-нарколяг і іншыя асобы.

У Ядвігі на камісіі пыталіся, чаму нацыянальны сьцяг для яе важны, дзяўчына патлумачыла, што ён зьвязаны зь яе сям’ёй. Пасьля вывучэньня матэрыялаў справы выступіла адвакатка, якая прапанавала аб’яднаць два пратаколы ў адзін, закрыць справу і не караць падабаронную. Аднак такая прапанова не задаволіла камісію, якая аднагалосна прагаласавала за папярэджаньне Малашчанцы і прафіляктыку для азнаямленьня дзяўчыны з Адміністрацыйным кодэксам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтка юрфаку БДУ са сцэны падзякавала палітвязьню-юрысту Максіму Знаку і звольненым выкладчыкам. ВІДЭА

«Уражаньні ад пасяджэньня нэўтральныя. Калі можна так сказаць, задаволеная, што не далі штрафу. Хоць у цэлым гэта ня вельмі — калі нічога не зрабіў і атрымліваеш пакараньне», — пракамэнтавала рашэньне камісіі Ядвіга Малашчанка.

У складзеных участковым Дзьмітрыем Бублікам пратаколах было ўказана, што Малашчанка ўдзельнічала ў адзіночным пікетаваньні, публічна выказвала асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы і публічна пратэставала супраць дзейнай улады на тэрыторыі навучальнай установы і каля яе.

Маці Ядвігі Тацяна Малашчанка, якая зьяўляецца сябрам руху «За свабоду», палічыла справу помстай за грамадзка-палітычную пазыцыю сям’і. Раней бацька Ядвігі Алег Малашчанка быў дэпартаваны зь Беларусі ў Расею пасьля ўдзелу ў пратэстах на авіяцыйным заводзе ў Баранавічах. Сям’я вядомая ў Баранавічах актыўнай дзейнасьцю на карысьць беларушчыны, менавіта пасьля намаганьняў Малашчанкаў у горадзе пасьля доўгага перапынку зьявіліся беларускія клясы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прыпыніў рашэньне аб высылцы жыхара Баранавічаў пасьля таго, як яго ўжо дэпартавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «32 гады разам, а разлучыліся не па сваёй віне». Сям’я актывіста, дэпартаванага за пратэсты, змагаецца за яго вяртаньне ў Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы мусім дамагчыся перамогі сваімі рукамі». Суд над студэнтамі праходзіць пад гукі незавершанай будоўлі