Былы міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд памёр 30 чэрвеня ў горадзе Таас, штат Нью-Мэксыка, у атачэньні сваёй сямʼі. Яму было 88 гадоў.
Рамсфэльд займаў пост міністра абароны ЗША ў адміністрацыях прэзыдэнтаў-рэспубліканцаў Джэральда Форда і Джорджа Буша-малодшага. Ён кіраваў Пэнтагонам 11 верасьня 2001 году, калі ў ЗША адбыліся тэрарыстычныя напады з выкарыстаньнем пасажырскіх самалётаў. Тады загінула каля трох тысяч чалавек.
Дональд Рамсфэльд кіраваў вайсковай апэрацыяй у адказ на гэтыя тэракты ў Аўганістане, у выніку якой быў зрынуты ўрад талібаў, які пакрываў дзейнасьць Аль-Кайды, якая арганізавала тэракты 2001 году.
Пад кіраўніцтвам Рамсфэльда амэрыканскія войскі ў 2003 годзе захапілі сталіцу Іраку Багдад і скінулі прэзыдэнта Іраку Садама Хусэйна. Аднак пазьней у Іраку пачалося крывавая барацьба паміж мусульманамі — сунітамі і шыітамі. Амэрыканскія войскі заставаліся ў Іраку да 2011 году — цягам 5 гадоў пасьля таго, як Рамсфэльд пайшоў у адстаўку.
Рамсфэльд разам з Робэртам Макнамарам, які быў міністрам абароны ЗША падчас вайны ў Віетнаме, лічыцца найбольш уплывовым чалавекам, які калі-небудзь займаў гэты пост, гаворыцца ў публікацыі «Голаса Амэрыкі».
У яго былі і прэзыдэнцкія амбіцыі — ён зьбіраўся ўдзельнічаць у выбарах 1988 году, але зьняўся з гонкі яшчэ да пачатку праймэрыз.
Пасьля заканчэньня палітычнай карʼеры Дональд Рамсфэльд быў пасьпяховым бізнэсоўцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн прадставіў грандыёзны плян для Амэрыкі, які параўнаў з «Новым курсам» Рузвэльта ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прапанавалі забараніць продаж авіябілетаў у Беларусь