Улады Беларусі спыняюць дзейнасьць Інстытуту Гётэ і Нямецкай службы акадэмічных абменаў

Бюст нямецкага паэта Гётэ, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны выступіла з заявай, у якой выказала жаль з прычыны рашэньня беларускага боку, які вырашыў спыніць усю дзейнасьць Інстытуту Гётэ і Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) у Беларусі.

«Гэты крок дапаможа ізаляваць Беларусь далей на міжнародным узроўні. Ахвярамі гэтага рашэньня сталі грамадзяне Беларусі, якім адмоўлена ў далейшых магчымасьцях для грамадзкай і культурнай дзейнасьці», — гаворыцца ў заяве на сайце нямецкага МЗС.

«На працягу дзесяцігодзьдзяў Інстытут імя Гётэ і DAAD ствараюць культурныя і акадэмічныя масты паміж Нямеччынай, Эўропай і Беларусьсю. Дзякуючы іх пасярэдніцтву цэлыя пакаленьні беларускіх навукоўцаў, работнікаў культуры і зацікаўленых людзей уступілі ў кантакт і абмен зь нямецкімі калегамі. Гэтая праца зблізіла Нямеччыну і Беларусь на сацыяльным і культурным узроўні. Фэдэральны ўрад будзе працягваць працу па падтрыманьні культурнага і сацыяльнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ў будучыні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ліст да мамы». У Кіеве адкрылася выстава беларускай мастачкі Надзеі Саяпінай, якая зьехала зь Беларусі

У заяве адзначаецца, што «Нямеччына і Эўрапейскі Зьвяз стаяць на баку беларускага народу і падтрымліваюць яго намаганьні і намаганьні па забесьпячэньні павагі да яго асноўных палітычных правоў. Мы зноў заклікаем беларускія ўлады пачаць сур'ёзны і ўсёабдымны нацыянальны дыялёг і адказаць на законныя патрабаваньні пратэставага руху».