Арышты і ператрусы 28 чэрвеня: 14 і 15 сутак удзельнікам турніру па трыятлёне

Пасьля ператрусу, ілюстрацыйнае фота

Сілавікі працягваюць рэпрэсіі за актыўную грамадзянскую пазыцыю і пратэсты: людзей забіраюць з дому, затрымліваюць на працы, заводзяць палітычна матываваныя справы.

Выракі трыятляністам

У судзе Цэнтральнага раёну Менска вынесьлі выракі затрыманым удзельнікам Менскага трыятлёну. Усе трое затрыманых пакараныя арыштам, паведамляе тэлеграм-канал zozhteam.

  • Арцём Казімірчык – 15 сутак;
  • Александр Клімянкоў – 14 сутак;
  • Юры Сямашка – 15 сутак.

Таксама ўсім тром забаранілі наведваць спартыўныя аб'екты тэрмінам на 1 год.
Судзьдзя Д. Карсюк прызнаў Сямашку і Казімірчыка вінаватымі па артыкуле 24.23 КаАП (парушэньне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця) і прызначыў па 15 сутак арышту кожнаму. Клімянкову далі 14 сутак арышту за дробнае хуліганства.

26 чэрвеня падчас спаборніцтваў у трыятлёне ў Менску сілавікі затрымалі Арцёма Казімірчыка, Аляксандра Клімянкова і Юрыя Сямашку. Спартоўцаў даставілі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а затым у ІЧУ да суду.

Менская міліцыя ў афіцыйным камэнтары паведаміла, што «трое мужчын дэманстратыўна выкрыквалі лёзунгі пратэставага кшталту» і гэта зьявілася падставай для іх затрыманьня.

Сілавікі да дзьвярэй прынесьлі кувалду, дасталі пісталет

Дадому да жыхара Бараўлянаў Сяргея Філазаповіча а 8-й раніцы 24 чэрвеня прыйшлі людзі без апазнавальных знакаў. Спачатку яны грукалі ў тамбур, а потым затэлефанавалі суседзям, каб тыя адчынілі.

У дзьверы да Сяргея Філазаповіча невядомыя грукалі каля 20 хвілін і толькі потым сказалі, што зь міліцыі і паказалі ў вочка пастанову на агляд. Акрамя таго, яны прынесьлі кувалду і лом, і, па словах суседа, дасталі пісталет. Давялося адчыніць, пераказвае здарэньне «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі лекара-анэстэзіёляга. Яго чакае суд

Сілавікі правялі агляд, канфіскавалі ўсю тэхніку і нават маленькі сьцяжок Польшчы ў пакоі 7-гадовай дачкі. Сяргею Філазаповічу прапанавалі праехаць у РАУС, дзе на яго склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі) за тое, што не адчыніў дзверы на першае патрабаваньне.

Суд прайшоў у судзе Менскага раёну, справу разглядаў судзьдзя Антон Колабаў. Участковы бараўлянскага РАУС Сяргей Грыцкевіч сьцьвярджаў, што яны адразу прадставіліся і паказалі пастанову. Але суседзі гэта абвяргаюць, бо чулі толькі, што тыя з Бараўлянскай міліцыі, але дакумэнтаў не паказвалі і прозьвішчы не называлі.

Вырак — 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі сям’ю за налепку «Пагоні» на акне

Да жыхара Мачулішчаў Андрэя Пахомава невядомыя прыйшлі а 6-й раніцы. Прычынай агляду стала інфармацыя аб тым, што той «па месцы жыхарства можа вырабляць, захоўваць і распаўсюджваць прадукцыю, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкіх дзеяньняў». Пратакол паводле арт. 24.3 КаАП склалі нібыта за адмову адчыніць дзьверы, хоць гаспадар сьцьвярджае, што ён чакаў, калі апранецца яго дзяўчына.

Судзьдзя Менскага раёну Анжаліка Казлова нават ня выклікала на суд сьведак, бо доказаў, на яе думку, хапіла. Яна арыштавала Андрэя Пахомава на 10 сутак.