«Перавозка аднаго чалавека каштуе каля 15 тысяч даляраў». Літва сьцьвярджае, што да схемы зь нелегаламі датычныя беларускія памежнікі

Намётавы цэнтар для нелегалаў. Літва

У гэтым годзе з Беларусі ў Літву спрабавалі трапіць больш за паўтысячы нелегальных мігрантаў. Гэты паказчык у некалькі разоў вышэй, чым за ўвесь мінулы год, піша літоўскі партал delfi.lt.

Міністарка ўнутраных справаў краіны Агне Білатайце лічыць гэта сродкам у гібрыднай вайне рэжыму Лукашэнкі супраць Літвы. Паводле яе слоў, у Літвы ёсьць доказы таго, што ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць і рэжым, і беларускія памежнікі.

Па апошніх дадзеных:

  • усяго ў гэтым годзе ў Літву спрабавалі трапіць 555 нелегальных мігрантаў з Беларусі — гэта амаль у 7 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.
  • У мінулым годзе быў затрыманы 81 такой замежнік.
  • У 2019 годзе памежнікамі было затрымана 46 нелегальных мігрантаў, а у 2018 годзе — 104.
  • Сярод затрыманых на мяжы з Беларусьсю ў гэтым годзе больш за ўсё грамадзянаў Іраку або замежнікаў, якія прадстаўляюцца грамадзянамі гэтай краіны — 328. Таксама затрыманыя 46 грамадзян Ірана, 42 — Сырыі, 39 беларусаў, 17 расейцаў, 11 грамадзян Турцыі, 10 — Шры-Лянкі, 6 — Таджыкістану, 3 грамадзяніна Аўганістана, па 2 замежнікі з Емэна і Эгіпта і па 1 грамадзяніне Самалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плынь мігрантаў з Іраку будзе павялічвацца». Прагноз ад праваабаронцы наконт сытуацыі на беларуска-літоўскай мяжы

«У нас сапраўды ёсьць доказы дачыненьня беларускіх памежнікаў да гэтага працэсу, гэта факт. Гэта арганізаваная дзейнасьць, пэўная схема — добра арганізаваная, сплянаваная. Гэта вялікія грошы, бо перавозка аднаго чалавека каштуе каля 15 тысяч даляраў. Такім чынам, гэта відавочна прыбытковае злачынства з удзелам рэжыму і саміх чыноўнікаў», — заявіла міністарка ў перадачы Delfi «Падзеі тыдня».

«Пакуль у нас няма ніякіх сьведчаньняў аб тым, што грамадзяне Літвы ўдзельнічаюць у гэтай злачыннай схеме, але мы адсочваем сытуацыю, мігрантаў дапытваюць, праводзіцца апэратыўная выведка», — дадала яна.
Па словах міністаркі, Літва раней не сутыкалася з такімі вялікімі патокамі нелегальных мігрантаў: «Гэта пагроза для нашай міграцыйнай сыстэмы, таму што мы сапраўды ніколі не сутыкаліся з такімі вялізнымі патокамі. Калі параўноўваць гэты год з мінулым, колькасьць нелегальнай міграцыі павялічылася мінімум у пяць разоў».

Міністарка кажа, што пакуль сытуацыя знаходзіцца пад кантролем і Літва можа самастойна каардынаваць сытуацыю. Паводле яе слоў, Эўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы FRONTEX ужо накіравала 6 афіцэраў для назіраньня за сытуацыяй, удакладненьня неабходнасьці дапамогі, а ў сярэдзіне ліпеня 30 афіцэраў FRONTEX прыбудуць у Літву, каб дапамагчы ўмацаваць бясьпеку мяжы.

Па словах міністаркі, мэта — у самыя кароткія тэрміны ахапіць усю мяжу зь Беларусьсю сучаснымі сыстэмамі відэаназіраньня, якія на дадзены момант пакрываюць усяго 38% мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы: Ірак гатовы да дыялёгу аб праблеме сваіх грамадзян, якія нелегальна прыбываюць зь Беларусі