Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў адмовіўся ўдзельнічаць у саміце з Пуціным

Кветкі каля амбасады Нідэрляндаў у Кіеве ў памяць загінулых пасажыраў рэйсу MH17.

Прэмʼер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ выступіў супраць ідэі канцлера Нямечыны Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона запрасіць Уладзіміра Пуціна на саміт зь лідэрамі ЭЗ.

Пра гэта паведамляе нідэрляндзкі тэлеканал NOS.

Рутэ заявіў, што ня супраць перамоваў кіраўніка Эўрапейскай рады Шарля Мішэля і старшыні Эўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен з Пуціным. Аднак сам ён у такой сустрэчы ўдзельнічаць не зьбіраецца. Прычына — справа аб крушэньні «Боінгу» МН17 над Данбасам у 2014 годзе, перадае «Настоящее время».

«Але толькі не са мной», — сказаў ён па прыбыцьці на саміт ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нідэрляндах пачынаецца судовы працэс аб крушэньні малайзійскага Boeing MH17

Супраць саміту з Уладзімірам Пуціным таксама выступілі Эстонія, Латвія, Літва і Польшча.

Раней канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заклікала краіны ЭЗ весьці прамыя перамовы з расейскім прэзыдэнтам, як гэта зрабіў лідэр ЗША Джо Байдэн на саміце ў Жэнэве.

«Недастаткова таго, што прэзыдэнт ЗША размаўляе з прэзыдэнтам Расеі. Я вельмі вітаю гэта, але ЭЗ таксама павінен ствараць фарматы для дыялёгу», — заявіла Мэркель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін, а не Лукашэнка, павінен быць галоўным аб’ектам санкцый». Інтэрвію з былым прэм’ер-міністрам Славаччыны

Прамы дыялёг, на думку канцлера, павінен «стварыць мэханізмы для магчымасьці хутка і разам рэагаваць на расейскія правакацыі».

Ініцыятыву Мэркель запрасіць Пуціна на саміт зь лідэрамі ЭЗ падтрымаў Эманюэль Макрон. У падтрымку саміту выступіў таксама канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц. Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль пацьвердзіў, што лідэры 27 краінаў ЭЗ абмяркуюць гэтую прапанову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зрынуць санкцыі Лукашэнку? Дыскусія экспэртаў