Лукашэнка зноў загаварыў пра заробак у 1000 даляраў. Столькі ён абяцаў 10 год таму

Дынаміка абяцаньняў ад Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Сьвіслацкім раёне Горадзеншчыны заявіў, што было б нядрэнна давесьці ўзровень сярэдняга заробку ў Беларусі да 700–800 даляраў на месяц. А яшчэ лепш, калі ён дасягне 1000 даляраў.

«Калі мы за пяцігодку па 700-800 даляраў сярэдні заробак па краіне будзем мець — гэта ўжо нядрэнна, а 1000 — выдатна», — піша ягоная прэс-служба.

Лукашэнка таксама зрабіў акцэнт на неабходнасьці «падцягнуць зарплату нізкааплатных катэгорый», чый узровень даходаў звычайна знаходзіцца на адзнацы менш за сярэдні заробак па краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку году ў бюджэтнікаў падаюць заробкі. Якімі сумамі завабліваюць лекараў і настаўнікаў

Больш за 10 гадоў таму, яшчэ падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу ў сьнежні 2010-га, Лукашэнка заяўляў: да канца пяцігодкі (2015 год) сярэдні заробак па краіне наблізіцца да 1000 даляраў у эквіваленце. Потым гэта паўтаралі чыноўнікі на ўсіх узроўнях, але абяцанага росту так і не адбылося. Урэшце ўлады спыніліся на плянах «кожнаму — па пяцьсот».

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, на якія спасылаецца агенцтва БелаПАН, сярэдні намінальны налічаны заробак у красавіку ў параўнаньні з сакавіком вырас на 13,5 рубля (1%) і склаў 1398 рублёў (прыкладна 550 даляраў). Гэта дзякуючы заробкам у Менску, бальшыня працаўнікоў у рэгіёнах такіх заробкаў ня мае.