Пра гэта паведамляе Press Club Belarus. Экс-супрацоўніца БТ Ксенія Луцкіна, якая фігуруе ў гэтай справе, таксама на волю не выйшла.
Апошні раз фігурантам «справы Прэс-клюбу» працягвалі тэрмін утрыманьня пад вартай на 2 месяцы ў красавіку.
Супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» затрымалі 22 сьнежня. Тады ў офісе і кватэрах мэнэджэраў «Прэс-клюбу» правялі ператрусы. Заснавальніцу пляцоўкі Юлію Слуцкую сілавікі спынілі ў аэрапорце, калі яна з дачкой і ўнукамі вярталася з адпачынку. У офісе арганізацыі затрымалі яе сына, апэратара Пятра Слуцкага, а таксама дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмную дырэктарку Алу Шарко, дырэктара «Акадэміі Прэс-клюбу» Сяргея Якупава і экс-супрацоўніцу БТ Ксенію Луцкіну.
Юлію Слуцкую абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), астатніх — у саўдзеле. Толькі Сяргея Якупава як грамадзяніна Расеі дэпартавалі, ня выставіўшы абвінавачаньня.
Блізкія арыштаваных пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту амаль 110 тысяч рублёў у кошт забесьпячэньня кампэнсацыі магчымай шкоды, аднак на статус затрыманых гэта ніяк не паўплывала. Юлія і Пятро Слуцкія, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Ксенія Луцкіна прызнаныя палітвязьнямі.
У нядаўнім лісьце Ала Шарко напісала:
«Свабода — яна сапраўды ўнутры, і любоў, і сіла. Проста паняцьця „свабода“ і „воля“ — розныя ў рускай мове, і беларускай таксама. Адчуваю сябе свабоднай, але ў няволі. Дзякуючы любімаму, сям’і, сябрам адчуваю сябе акружанай клопатам і цяплом».
«Галоўнае — памятаеце пра нас, не забывайце» — просіць у лістах Юлія Слуцкая.
15 чэрвеня дачка Юліі Слуцкай Аляксандра расказала «Салідарнасьці», што стан яе маці пагоршыўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Юлія Слуцкая скардзіцца на здароўе, праблемы зь перапіскай і перадачамі«Здароўе ў мамы ня вельмі — і са зрокам, і з кашлем. Плюс, мяркуючы з усяго, у яе быў прыступ мігатлівай арытміі. Дыягназ паставіла маміна тэрапэўтка, калі я апісала сымптомы, а турэмны доктар сказаў: не перажывайце, гэта магнітныя буры»,— расказала Аляксандра. Яна таксама скардзілася на праблемы з карэспандэнцыяй.