Польшча абвінаваціла Расею ў зьдзяйсьненьні маштабнай кібэратакі

Ярослаў Качыньскі сярод палітыкаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» у Сэйме

Ярослаў Качыньскі, віцэ-прэм’ер Польшчы, кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі і лідэр кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», абвінаваціў Расею ў зьдзяйсьненьні маштабнай кібэратакі, ад якой пацярпелі палітыкі розных узроўняў.

«Кібэратаку зазналі найбольш важныя афіцыйныя асобы Польшчы, міністры і дэпутаты розных палітычных поглядаў», — заявіў Качыньскі 18 чэрвеня.

Паводле Качыньскага, у выніку аналізу, праведзенага польскімі ведамствамі і спэцслужбамі, было з усёй пэўнасьцю ўстаноўлена, што хакерскую атаку правялі з тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША заклікаў Расею не хаваць хакераў

Адной з асноўных мэтаў нападу, паводле Качыньскага, было нанесьці ўдар па польскім грамадзтве і дэстабілізаваць краіну. Ён дадаў, што цяпер працягваецца збор доказаў і вядзецца тлумачальная праца сярод пацярпелых і патэнцыйных ахвяраў кібэратакі.

На мінулым тыдні Міхал Дворчык, шэф канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы, паведаміў пра ўзлом ягонай асабістай электроннай скрынкі. З таго часу ў сеціве пачалі зьяўляцца скрыншоты, якія паказваюць меркаваную перапіску з паштовай скрынкі Дворчыка з прэмʼер-міністрам і іншымі ўрадавымі чыноўнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн папярэдзіў, што кібэратакі «расейскіх хакераў» не застануцца без адказу

Апазыцыя зьвярнула ўвагу, што, нягледзячы на прыватныя адрасы электроннай пошты, там уздымаюцца тэмы, зьвязаныя з функцыянаваньнем дзяржавы. Дворчык і прэмʼер-міністар не захацелі адказваць на пытаньні журналістаў аб выкарыстаньні імі прыватных паштовых скрынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія і Вялікабрытанія абвінавацілі расейскае ГРУ у маштабнай кібэратацы