Кіраўнікі МЗС Вялікай Брытаніі і Расеі закранулі тэму Беларусі ў тэлефоннай размове

  • БелаПАН

Дамінік Рааб, кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі

17 чэрвеня адбылася тэлефонная размова міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова зь яго калегам зь Вялікай Брытаніі Дамінікам Раабам. Гутарка прайшла з ініцыятывы брытанскага боку, паведамляе прэс-служба расейскага МЗС.

Паведамляецца, што ў ходзе абмену думкамі ў міжнародных пытаньнях акцэнт быў зроблены, у тым ліку, на сытуацыі вакол Беларусі і ва Ўкраіне.

Адзначаецца, што пры абмеркаваньні беларускай тэматыкі Сяргей Лаўроў «паказаў на непарушнасьць адмовы ад вонкавага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы гэтай краіны, а таксама выкарыстаньня ў адносінах зь Менскам мовы санкцый і пагроз».

У сваю чаргу, Дамінік Рааб на сваёй старонцы ў «Твітэры» напісаў, што абмяркоўваўся шэраг двухбаковых і міжнародных пытаньняў, «у тым ліку тыя, у якіх мы глыбока разыходзімся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Вялікай Брытаніі: Беларусь павінна спыніць кампанію прыгнёту
  • 24 траўня кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі заявіў, што «дзіўны ўчынак Лукашэнкі з самалётам Ryanair будзе мець сур’ёзныя наступствы».
  • 15 чэрвеня Дамінік Рааб назваў зварот з затрыманым у Менску ў выніку вымушанай пасадкі самалёта Ryanair Раманам Пратасевічам непрымальным, а арганізаваны ўладамі брыфінг зь яго ўдзелам — пастановачным. «Пастановачная прэс-канфэрэнцыя, дзе Раман відавочна знаходзіўся пад ціскам, прадэманстравала новы ўзровень у нападках рэжыму Лукашэнкі на правы чалавека», — напісаў кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі.