Менчука, які падпаліў сябе каля Дому ўраду, выпісалі зь лякарні

Інцыдэнт з самаспаленьнем на плошчы Незалежнасьці. Менск, 22 студзеня 2021 году.

Да таго Міністэрства здароўя паведамляла, што стан пацыента — сярэдняй ступені цяжкасьці.

Пра выпіску 35-гадовага Паўла Банькоўскага, які ў канцы студзеня ўчыніў самападпал у цэнтры Менска, паведамілі «Нашай Ніве» ягоныя знаёмыя.

Зь іх словаў, у мужчыны было каля 70% апёкаў цела, таму цяпер у яго «складаны пэрыяд прыняцьця сябе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стан мужчыны, які ўчыніў самаспаленьне ля Дома ўраду ў Менску, застаецца цяжкім

22 студзеня на сталічнай плошчы Незалежнасьці 35-гадовы Павал Банькоўскі абліў сябе гаручай вадкасьцю і ўчыніў самападпал. Нягледзячы на тое, што ахопленага полымем мужчыну пасьпелі патушыць мінакі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, ён атрымаў шматлікія апёкі.

Больш за месяц Павал Банькоўскі правёў без прытомнасьці, прагнозы лекараў былі ня самыя суцяшальныя. У красавіку Міністэрства здароўя канстатавала, што стан пацыента — сярэдняй ступені цяжкасьці.

«Хірургічнае лячэньне праведзена ў поўным аб’ёме. Цяпер у адпаведнасьці з пратаколамі ён праходзіць курс рэабілітацыі. Пры першасным аглядзе ў пацыента былі дыягнаставаны апёкі рознай ступені цяжкасьці да 72%», — паведамлялі ў ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя расказала пра стан менчука, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасьці

У Паўла Банькоўскага двое непаўналетніх дзяцей, з былой жонкай у разводзе. Прычыны, з-за якіх ён вырашыў учыніць самападпал, да гэтага моманту невядомыя.