Як паведамляе DW, сустрашыня партыі «Саюз-90»/«Зялёныя» Анналена Бэрбак зацьверджаная ў якасьці кандыдаткі на пасаду канцлеркі Нямеччыны. Яе кандыдатуру падтрымалі 98,5% удзельнікаў партыйнага зьезду. Палітык падзякавала паплечнікам за падтрымку і расцаніла вынікі галасаваньня як прыкмету салідарнасьці.
«Зялёныя» вылучылі свайго кандыдата ў канцлеры ўпершыню за сваю 40-гадовую гісторыю. Супернікамі Бэрбак у барацьбе за пасаду кіраўніка ўраду зьяўляюцца кандыдат ад кансэрватыўнага блёку Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу і Хрысціянска-сацыяльнага саюзу Армін Лашэт і кандыдат ад Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДПГ), дзеючы міністар фінансаў і віцэ-канцлер Олаф Шольц.
Бэрбак выступае за паскарэньне тэмпаў адмовы ад вугальнай энэргетыкі, які заплянаваны ў Нямеччыне на 2038 год. Акрамя таго, яна крытыкуе дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, а таксама зьяўляецца праціўнікам завяршэньня будаўніцтва газаправода «Паўночны паток — 2».
Выбары ў бундэстаг пройдуць 26 верасьня. У цяперашнім складзе вышэйшага заканадаўчага органа «зялёныя» маюць 67 месцаў з 709.
- У часе леташняга візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Нямеччыну яна сустрэлася з Анналенай Бэрбак у офісе партыі «Зялёных».