Ціханоўская атрымала прэмію «Плятформы эўрапейскай памяці і сумленьня»

Прэмію Сьвятлане Ціханоўскай уручыў дырэктар «Плятформы эўрапейскай памяці і сумленьня» Пэтэр Рэндэк

У Празе адбылася цырымонія ўручэньня Сьвятлане Ціханоўскай прэміі міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Плятформа эўрапейскай памяці і сумленьня». Яе прысуджаюць за найбольшы ўнёсак ва ўмацаваньне правоў і свабодаў чалавека.

Сьвятлана Ціханоўская атрымала прэмію ў знак прызнаньня яе асабістай мужнасьці і нястомнай абароны правоў чалавека і асноўных дэмакратычных каштоўнасьцяў і свабодаў падчас сваёй выбарчай кампаніі і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Мэта прэміі — прыцягнуць увагу да ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і да тых, хто змагаецца з антыдэмакратычнымі рэжымамі.

Сярод ранейшых ляўрэатаў — Аляксей Навальны (2015), зьняволены лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Леапольда Лёпэс (2016) і ўкраінскі рэжысэр, былы расейскі палітвязень Алег Сянцоў (2018).

Вылучэньне Ціханоўскай ініцыяваў брытанскі архітэктар, аўтар беларускай мэмарыяльнай капліцы ў Лёндане Со Цзыўай 14 жніўня пасьля жорсткіх рэпрэсіяў, якія ўчынілі ўлады Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Плятформа эўрапейскай памяці і сумленьня — гэта некамэрцыйная міжнародная няўрадавая арганізацыя, заснаваная ў 2011 годзе. Яе мэта — дасьледаваць дзейнасьць былых эўрапейскіх таталітарных рэжымаў, фіксаваць іх злачынствы, увекавечваць памяць пра ахвяр, каб не дапусьціць паўтарэньня таталітарызму ў Эўропе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я была хатняй гаспадыняй не праз адсутнасьць амбіцый, а была вымушаная быць дома і рэабілітаваць дзіця». Шчырае інтэрвію Ціханоўскай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая выступіла ў чэскім Сэнаце. Да чаго яна заклікала