Для павышэньня ролі Савету бясьпекі зьменяць законы пра надзвычайнае і ваеннае становішча

Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні Савету бясьпекі, архіўнае фота

Савет бясьпекі, які ўзначальвае сам Лукашэнка, прыняў пастанову пра павышэньне сваёй ролі.

На Савеце з дакладам невядомага зьместу выступіў ягоны дзяржаўны сакратар генэрал Аляксандар Вальфовіч.

У выніку было вырашана павысіць ролю гэтай структуры ў пытаньнях

  • абароны незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу,
  • падтрыманьня грамадзянскага міру і згоды,
  • супрацьдзеяньня экстрэмізму і тэрарызму.

Для гэтага давядзецца зьмяніць два законы — пра надзвычайнае і ваеннае становішча. На падрыхтоўку зьменаў Савету міністраў далі месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў дэкрэт на выпадак сваёй гібелі

9 траўня Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, акту тэрарызму, вонкавай агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Савету бясьпекі, на пасяджэньнях якога старшынюе прэм’ер-міністар.

Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Савет бясьпекі вызначае пералік захадаў для іх забесьпячэньня. Рашэньні Савету бясьпекі абавязковыя для ўсіх, іх належыць безумоўна выконваць.

Паводле дэкрэту, асноўным пытаньнем будзе правядзеньне выбараў. Савет бясьпекі з удзелам кіраўнікў абласьцей прыме рашэньне аб іх правядзеньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў разгледзела дэкрэт Лукашэнкі на выпадак ягонай гвалтоўнай сьмерці

Хто ўваходзіць у Савет бясьпекі

15 сакавіка Аляксандар Лукашэнка адмысловым указам пашырыў склад пастаянных чальцоў Савету бясьпекі зь пяці да васьмі чалавек.

Старшыня Савету бясьпекі — сам Аляксандар Лукашэнка. Дзяржсакратаром Савету бясьпекі прызначаны генэрал Аляксандар Вальфовіч.

Пастаянныя чальцы СБ:

  • прэм’ер-міністар,
  • старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі,
  • кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта,
  • дзяржсакратар Савету бясьпекі,
  • міністры ўнутраных спраў, абароны і кіраўнік КДБ.

Чальцамі Савету бясьпекі зьяўляюцца старшыні Вярхоўнага суду, Камітэту дзяржкантролю, праўленьня Нацбанку, Сьледчага камітэту, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, Дзяржаўнага памежнага камітэту, а таксама генэральны пракурор, міністры замежных спраў, фінансаў, надзвычайных сытуацый, начальнік Генштабу Ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны.

Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам ЗША, краіны Эўразьвязу, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасьць праведзеных пры яго кіраваньні выбараў сусьветная супольнасьць не прызнавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча даць Савету бясьпекі новыя паўнамоцтвы