Былога дырэктара «Адкрытай Расеі» арыштавалі на два месяцы

Андрэй Півавараў

Былы кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Адкрытая Расея» Андрэй Півавараў арыштаваны на два месяцы раённым судом Краснадару. Яго вінавацяць у супрацоўніцтве з так званай непажаданай арганізацыяй. Пра гэтае рашэньне паведамляе тэлеграм-канал «Правозащита Открытки».

Піваварава затрымалі ў пецярбурскім аэрапорце Пулкава пры спробе вылецець у Польшчу 31 траўня. Яго зьнялі з самалёта ў той момант, калі лайнэр выварочваў на ўзьлётную паласу. Супрацоўнікі ФСБ, якія зайшлі на борт, патлумачылі свае дзеяньні тым, што Півавараў у вышуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аэрапорце ў Санкт-Пецярбургу затрымалі палітыка «Адкрытай Расеі». Для гэтага спынілі самалёт

На пасяджэньні ён назваў абвінавачаньне фарсам. У сваёй прамове ён настойваў на сваёй невінаватасьці і папрасіў абраць яму любую меру стрыманьня, не зьвязаную з арыштам. Паводле выстаўленага яму артыкула яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

«Я хачу, каб у Расеі была зьмяняльнасьць улады. Праваахоўным органам і сьледзтву было вядома, што я хацеў удзельнічаць у выбарах. Мы бачым тэндэнцыю, што калі хто-небудзь хоча балятавацца, то зьяўляюцца справы: у кагосьці махлярства, у кагосьці хатні арышт. Пад гэтыя жорны трапіў і я», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Открытая Россия» абвясьціла пра самаліквідацыю ў сувязі са зьменамі ў законе

39-гадовы Андрэй Півавараў — былы старшыня і выканаўчы дырэктар грамадзкага руху Хадаркоўскага. «Адкрытая Расея» адпрацавала ў краіне 20 гадоў і 27 траўня абвясьціла аб самаліквідацыі.

  • Расейская «Адкрытая Расея» не была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі як арганізацыя і ня ўключаная ў сьпіс непажаданых няўрадавых арганізацыяў. Аднак у сьпісе ёсьць дзьве замежныя структуры з такой самай назвай.
  • У сераду справу Піваварава пракамэнтаваў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў. Ён заявіў, што ня лічыць яе палітычнай.