Урады 21 краіны сьвету падпісалі зварот у абарону беларускіх журналістаў

Акцыя ў падтрымку Рамана Пратасевіча. Польшча

Чальцы Кааліцыі за свабоду СМІ апублікавалі зварот, у якім рашуча асуджаюць прымусовую пасадку самалёта Ryanair і арышт журналіста Рамана Пратасевіча.

Тэкст ліста апублікаваны на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

«Гэтае здарэньне яшчэ больш турбуе, калі разглядаць яе ў кантэксьце маштабнай кампаніі па прымушэньні замаўчаць незалежных галасоў у Беларусі, у тым ліку атакі 18 траўня на офісы незалежнага навінавага сайта tut. by і арышту некалькіх супрацоўнікаў. Каля 400 журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі сутыкнуліся з рознымі формамі рэпрэсій падчас выбараў 9 жніўня і іх наступстваў».

Зварот падпісалі ўрады Аўстрыі, Баўгарыі, Канады, Кіпра, Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Грэцыі, Ісьляндыі, Латвіі, Люксэмбурга, Нідэрляндаў, Новай Зэляндыі, Паўночнай Македоніі, Славаччыны, Славеніі, Швайцарыі, Украіны, Злучанаага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Кааліцыя за свабоду СМІ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Пратасевіча, а таксама іншых журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія былі затрыманыя ў Беларусі за працу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Акрэсьціна пасьля 15-дзённага арышту выйшла журналістка Tut.by Любоў Касьпяровіч. Відэа, фота