«За паведамленьні ў чаце». Чатыры супрацоўнікі «Беларуснафты» ў СІЗА па крымінальных справах

Запраўка „Беларуснафта“

З сярэдзіны траўня на прадпрыемстве «Беларуснафта» адбываюцца «чысткі». 14 траўня быў затрыманы супрацоўнік Дзьмітры Грышчанка, які ўвосень публічна выступіў супраць гвалту.

Цяпер Свабодзе вядома, што ўжо чатыры супрацоўнікі ўпраўленьня палявых сэйсмавыведачных работ, у тым ліку і Грышчанка, сядзяць у гомельскім СІЗА-3.

«Усё пачалося з карпаратыўнага чату, дзе абмяркоўваліся ў тым ліку і падзеі ў краіне. У выніку — чатыры чалавекі з упраўленьня ў турме. Крымінальныя справы розныя — ад абразы прэзыдэнта да заклікаў да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Шмат людзей з упраўленьня звольнілі, некаторыя стаяць «на чарзе» на звальненьне, без тлумачэньня прычыны», — распавёў ананімна Свабодзе сябар аднаго з затрыманых.