Тры футбалісты адмовіліся ад удзелу ў матчы да 110-годзьдзя беларускага футболу

Менскі стадыён «Дынама».

З-за таго, што паядынак 5 чэрвеня на стадыёне «Дынама» ў Менску ладзіць фэдэрацыя футболу, якая цалкам падтрымлівае Лукашэнку, ад удзелу пачалі адмаўляцца асобныя знакамітыя гульцы.

Былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Генадзь Туміловіч адмовіўся ад удзелу ў матчы, прымеркаваным да 110-годзьдзя беларускага футболу, стаўшы трэцім гульцом, хто афіцыйна заявіў пра адмову, паведамляе Tribuna.com.

Беларуская фэдэрацыя футболу плянуе сабраць зорак беларускага і эўрапейскага футболу на стадыёне «Дынама» 5 чэрвеня. Адначасова гэты паядынак плянуецца як разьвітальны для зоркі беларускага футболу, пераможцы Лігі чэмпіёнаў у складзе «Барсэлёны» Аляксандра Глеба, які актыўную кар’еру скончыў яшчэ на пачатку 2020 году, аднак разьвітальны матч не правёў.

Аднак на шляху арганізацыі паядынку ўжо паўсталі цяжкасьці — у прыватнасьці, пра сваю адмову ад удзелу ў матчы заявілі колішні лідэр зборнай Чэхіі і былы партнэр Глеба ў лёнданскім «Арсэнале» Томаш Расіцкі. Таксама выйшаў зь ліку ўдзельнікаў былы цэнтральны абаронца зборнай Беларусі Сяргей Штанюк.

Штанюк 24 траўня паведаміў, што сьпярша пагадзіўся выйсьці на поле, аднак затым «усьвядоміў, хто ладзіць матч», і тады адмовіўся ад удзелу.

«Аб’ектыўна, да мяне дайшло, што ў цяперашняй сытуацыі ў краіне рабіць такое... Гэта пазыцыя любога нармальнага чалавека. Якія зараз гульні?» — сказаў Штанюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольны сайт пазначыў Беларусь бел-чырвона-белым сьцяжком. ФАТАФАКТ

Цяпер адмовіўся гуляць у матчы і Генадзь Туміловіч.

«Галоўнае пытаньне — да чаго і дзеля чаго наогул робіцца гэты матч? Я не ўяўляю, што можа адбыцца сьвяткаваньне чагосьці. 110-годзьдзя беларускага футболу? Якога футболу? Якога няма? Няхай сьвяткуюць Дзень беларускай арміі, колькі-небудзь-годзьдзе АМАПу ці Ўзброеных сілаў. Вось гэтыя сьвяты ў цяперашняй Беларусі „пракоцяць“. Гэтыя сьвяты наогул можна праводзіць хоць штодня», — заявіў Туміловіч.

На яго думку, падчас пандэміі «ўсе ўбачылі, што такое беларускі футбол». Акрамя «пазываў на ваніты», на думку брамніка, той футбол нічога ня выклікаў.

«І гэта не мая думка, а тых, хто прымудрыўся купіць гэтыя супэртрансьляцыі чэмпіянату Беларусі. І ў Расеі, і ў іншых краінах».

Генадзь Туміловіч ня ўпэўнены, што ўладам наогул удасца правесьці матч, бо часта «ня ведаеш, што будзе заўтра», а спорт «адыйшоў нават не на другі плян, ён цяпер вельмі далёка». Ён таксама лічыць, што чалавечага стаўленьня ўлады да людзей не было ўсе 26 гадоў, што Лукашэнка кіруе Беларусьсю.

«На дзесяць дзён прагноз даваць? У гэтай сытуацыі, што перажывае Беларусь, Настрадамус бы павесіўся», — сказаў Туміловіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць экс-дырэктара хакейнага клюбу «Лякаматыў», які выступаў супраць гвалту, завялі крымінальную справу

Удзел у матчы возьмуць былыя паўабаронцы зборнай Аляксандар Хацкевіч і Максім Рамашчанка. Апошні цяпер жыве ў Маскве. У адказ на пытаньне журналістаў пра стаўленьне да падзей у Беларусі ён адказаў, што яго яны не цікавяць.

Фэдэрацыя футболу Беларусі, якую ўзначальвае Ўладзімер Базанаў, пасьля выбараў 9 жніўня падтрымала Лукашэнку і яго дзеяньні. У траўні за ігнараваньне дзяржаўнага гімну яна аштрафавала заўзятараў менскіх «Крумкачоў». Аднак учынкі гульцоў супраць палітыкі ўладаў не спыніліся — 24 траўня падчас выкананьня гімну ад чырвона-зялёнага сьцяга адвярнулася футбалістка берасьцейскага «Дынама» Вікторыя Сідарчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крумкачоў» ізноў папярэдзілі, бо заўзятары стаяць сьпінай да чырвона-зялёнага сьцяга

Згодна з дакумэнтамі Беларускай фэдэрацыі футболу, сусьветна вядомая цяпер гульня прыйшла на беларускія тэрыторыі на пачатку ХХ стагодзьдзя, а першы афіцыйна зафіксаваны ў пісьмовых крыніцах матч прайшоў у 1911 годзе ў Гомлі. Пра яго напісала газэта «Гомельская копейка». Праўда, вэтэран гомельскага футболу Ўсевалад Кубліцкі называў пунктам адліку 1910 год, але футбольныя гісторыкі не змаглі знайсьці дакумэнтальнага пацьверджаньня яго словам.

Аднак пытаньне пачатку беларускага футболу нельга лічыць закрытым, як і нельга лічыць абсалютнай ісьцінай дакумэнты фэдэрацыі. У кнізе гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага «Ад гоманаўцаў да гайсакоў» ёсьць згадка пра віленскую беларускую футбольную каманду. Яе ў 1910 годзе заснаваў выкладчык Віленскай прыватнай мужчынскай гімназіі Іван Краскоўскі. Гэтая каманда ўдзельнічала ў гарадзкіх спаборніцтвах. Пазьней Краскоўскі заснаваў каманду ў Дзьвінску. Тая дружына спаборнічала з латыскімі камандамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зборныя Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў і Нямеччыны адмовіліся ўдзельнічаць у чэмпіянаце Эўропы па трэку, калі яго не перанясуць зь Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Траціна складу не зь Беларусі». Ці парадуе Лукашэнку сёлета хакейная зборная