Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць экс-дырэктара хакейнага клюбу «Лякаматыў», які выступаў супраць гвалту, завялі крымінальную справу


Лядовая арэна ў Воршы
Лядовая арэна ў Воршы

Былы дырэктар аршанскага «Лякаматыву» Яўген Мазура паведаміў, што ў яго дома адбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы. Сілавікі нічога не знайшлі, бо «фігурант» зьехаў за мяжу і не пакінуў ніякай маёмасьці.

Як паведамляе спартовы сайт «Трыбуна», крымінальная справа супраць колішняга трэнэра зьвязаная зь яго ранейшай працай у хакейным клюбе «Лякаматыў».

«Са мной ніхто з сілавых структур не зьвязваўся, ніякіх дакумэнтаў не дасылалі. Аднак, паводле маёй інфармацыі, Сьледчы камітэт ўсё ж завёў на мяне справу, інкрымінуючы перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры — ад 120 да 160 тысяч рублёў. Прычым інкрымінуюць парушэньне на пачатковым этапе, гэта значыць, у 2018 годзе», — патлумачыў Яўген Мазура.

Яўген Мазура
Яўген Мазура

У канцы чэрвеня 2018 году ў Воршы ствараўся хакейны клюб «Лякаматыў»: пачалася перадсэзонная падрыхтоўка, фармаваньне складу. Калі ў горад зазьбіраўся Аляксандар Лукашэнка, мясцовыя чыноўнікам карцела паказаць, што і ў іх зьявілася прафэсійная хакейная каманда, расказвае перадгісторыю Яўген Мазура. У выніку загадалі, каб выглядалі ня горш, чым усе астатнія.

«Для гэтага трэба было закупіць якасную экіпіроўку. Часу на тэндэр не было, мы склалі пералік, што трэба ў першую чаргу. Знайшлі пастаўшчыкоў, зь якімі працавалі астатнія беларускія клюбы. Я вывучаў умовы кожнай фірмы, атрымаў камэрцыйныя прапановы. Выбралі самы танны варыянт і ажыцьцявілі закупку. Прыйшла замова, мы паўдзельнічалі ў Кубку Салея. А нядаўна я даведаўся, што аб’явілася нейкая кантора, якая заявіла ў ДФР, што нібыта магла рэалізаваць прадукцыю па больш нізкіх коштах, каб іх дапусьцілі да таргоў. І гэтыя 120-160 тысяч рублёў — якраз розьніца паміж сумай, якую мы аддалі, і той, што прапанавала б фірма. Мне закідаюць растрату грошай».

Яўгену Мазуру пагражае пазбаўленьне волі ад 3 да 10 гадоў. Ён кажа, што спэцыяльна чацьвёрты месяц трымае беларускі нумар у роўмінгу, каб была магчымасьць зь ім зьвязацца. Але ні званкоў, ні лістоў — ніякіх спробаў сувязі з боку сілавікоў.

У Сьледчым камітэце на запыт журналістаў адказалі, што «інфармацыя патрабуе ўдакладненьня». Калі ў ведамстве «палічаць патрэбным штосьці сказаць», то апублікуюць на афіцыйных рэсурсах.

Як звальнялі Яўгена Мазуру

У канцы жніўня 2020 году Яўген падпісаў «Адкрыты ліст з патрабаваньнем да ўлады», бо палічыў сваім абавязкам «зрабіць гэты невялікі крок» да спыненьня неапраўданай жорсткасьці і гвалту.

Падпісаньне адкрытага ліста абурыла фэдэрацыю хакею і ейнага старшыню Дзьмітрыя Баскава, зь якім у Яўгена Мазуры адбылася гутарка.

Калі ў верасьні «Лякаматыў» пайшоў на месячны карантын праз каранавірус, Баскаў зьвязаўся з кіраўніцтвам Воршы. Адразу пасьля гэтага мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі ў клюбе кантракт і графік працы дырэктара.

15 кастрычніка быў апошнім ягоным працоўным днём на пасадзе начальніка каманды, старшага трэнэра ды выканаўцы абавязкаў дырэктара хакейнага клюбу «Лякаматыў». Фармальна Яўгена Мазуру звольнілі пры згодзе бакоў.

Паводле ягоных зьвестак, неўзабаве пасьля гэтага ў каманду наведаўся дзяржкантроль. У канцы сьнежня праверка скончылася — і цяпер на яго нібыта хочуць ускласьці «нейкія страты».

Па звальненьні Яўгену Мазуру знайсьці занятак у беларускай спартовай індустрыі не ўдалося, і ён вырашыў зьехаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG