Палата прадстаўнікоў і Савет рэспублікі склікаюць сумеснае паседжаньне з удзелам Лукашэнкі

Натальля Качанава і Аляксандар Лукашэнка падчас адкрыцьця трэцяй лініі мэтрапалітэну, лістапад 2020

Старшыня Савету рэспублікі Натальля Качанава анансавала на 26 траўня сумеснае паседжаньне дзьвюх палат парлямэнту з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Адпачатку меркавалася, што ў зьвязку з рэзананснымі падзеямі вакол Беларусі ён агучыць свае палітычныя заявы сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты зьвярнуліся да Лукашэнкі з просьбай увесьці «адзіны дзень галасаваньня» і перанесьці на год мясцовыя выбары

«Мы сустрэліся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам, абмеркавалі актуальныя пытаньні парадку дня абедзьвюх палат. Ведаючы пра тое, што прэзыдэнт хацеў выступіць з заявай, мы зьвярнуліся з просьбай, каб Аляксандар Рыгоравіч выступіў перад парлямэнтарамі, дзе можна было б абмеркаваць актуальныя пытаньні зьнешняй і ўнутранай палітыкі. І кіраўнік дзяржавы прыняў нашу прапанову», — спасылаецца на чыноўніцу БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальля Качанава: «Дэкрэт пра абарону сувэрэнітэту трэба было прымаць, каб паказаць, што ніхто не трымаецца дрыготкімі рукамі за ўладу»

Паводле дзяржаўнага агенцтва, «дыскусія на злобу дня» з удзелам Лукашэнкі адбудзецца 26 траўня ў Авальнай залі, дзе засядаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Паводле лукашэнкаўскай прэс-сакратаркі Натальлі Эйсмант, у сустрэчы возьмуць удзел міністры, кіраўнікі дзяржструктур, старшыні аблвыканкамаў, чальцы канстытуцыйнай камісіі. А таксама тыя, хто «фармуе грамадзкую думку» — палітолягі, сацыёлягі, навукоўцы, кіраўнікі СМІ ды іншыя праўладныя дзеячы.