Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Качанава: «Дэкрэт пра абарону сувэрэнітэту трэба было прымаць, каб паказаць, што ніхто не трымаецца дрыготкімі рукамі за ўладу»


Натальля Качанава

Дзяржаўная чыноўніца, якая раней узначальвала Адміністрацыю Лукашэнкі, патлумачыла, чаму выйшаў дэкрэт № 2 «Пра абарону сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

Старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава ў этэры тэлеканалу «Беларусь 1» патлумачыла прычыну падпісаньня Лукашэнкам 9 траўня дэкрэту № 2 «Пра абарону сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

«Мір, спакой, гарантыі — гэта ўсё тое, што было забясьпечана ў нашай краіне заўсёды. Але зьявіліся сілы, якія хочуць умяшацца ў жыцьцё нашай краіны, нашага народа. І таму, напэўна, відавочна, гэты дэкрэт, дай бог, каб яго не давялося рэалізоўваць, трэба было прымаць дзеля таго, каб паказаць, што ніхто тут сёньня не трымаецца дрыготкімі рукамі за ўладу».

Па словах Качанавай, улады «хочуць зрабіць усё, каб у краіне былі мір і спакой», а таксама каб «нашы людзі ніколі ня зьведалі тых жахаў, якія яны спазналі шмат гадоў таму».

Дэкрэт, падпісаны Лукашэнкам 9 траўня, прадугледжвае, што «ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, зьдзяйсьненьня акту тэрарызму, зьнешняй агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі, на пасяджэньнях якой старшынюе прэм’ер-міністар». На тэрыторыі краіны ў такім выпадку неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Радай бясьпекі вызначаецца пералік захадаў па яго забесьпячэньні.

Акрамя таго, згодна з дэкрэтам, Рада бясьпекі з удзелам старшыняў аблвыканкамаў прыме рашэньне аб правядзеньні выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG