Ва Ўкраіне ўдакладнілі, што забарона на палёты распаўсюджваецца і на беларускія авіякампаніі

Самалёты Belavia ў менскім аэрапорце

Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны паведаміла аб увядзеньні поўнай забароны на авіяцыйныя перавозкі паміж Украінай і Беларусьсю.

У прыватнасьці, у Дзяржавіяслужбе Ўкраіны ўдакладнілі, што забарона на палёты, уведзеная з 00:00 26 траўня, распаўсюджваецца ня толькі на ўкраінскіх, а і беларускіх апэратараў перавозак.

«Забарона распаўсюджваецца на ажыцьцяўленьне любых відаў палётаў між пунктамі прызначэньня на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі ўкраінскімі і беларускімі эксплюатантамі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Такім чынам, гаворка ідзе аб забароне беларускім кампаніям ажыцьцяўляць прамыя і транзытныя пасажырскія і грузавыя рэйсы праз Украіну.

Раней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў аб увядзеньні забароны на авіязносіны зь Беларусьсю, але не ўдакладніў, ці распаўсюджваецца яна на беларускія авіякампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна забараніла сваім кампаніям палёты ў Беларусь і транзыт над беларускай тэрыторыяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская чыгунка забараніла перавозку беларускіх грузаў у расейскіх вагонах