Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў Гомель

Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Страна для жизни». Там пройдзе суд над ім, а таксама Статкевічам, Лосікам, Цыгановічам, Сакавым і Паповым. Дата суду яшчэ невядомая.

Раней у Гомель этапавалі Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

4 траўня стала вядома, што справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Сярод абвінавачаных — блогер Сяргей Ціханоўскі, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Ігар Лосік і Ўладзімер Цыгновіч (MozgON), а таксама апэратар Ціханоўскага Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзьмітры Папоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сабрала Ігару сьвяточную перадачу, а тут такое». Палітвязьня Лосіка этапавалі ў Гомель перад днём народзінаў

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевічу і «падзельнікам» ўлады выставілі судовы пазоў на 3 мільёнаў рублёў

Паводле абвінавачаньня, у Ціханоўскага дома знайшлі больш за 900 тысяч даляраў і пнэўматычную зброю.

«Падчас ператрусу ў садовым доміку ў Гомельскім раёне, які Ціханоўскі выкарыстаў для працы і жыхарства, знайшлі і канфіскавалі 900 300 даляраў ЗША, пнэўматычны пісталет і пнэўматычны аўтамат. Характар упакоўкі значнай часткі грошай, сэрыйны нумар банкнот у пачках паказвалі на іх аднамомантавае атрыманьне ў банкаўскіх або якіх-небудзь іншых фінансавых арганізацыях», — заяўляла Генпракуратура.

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі — 2020