Маладую жанчыну арыштавалі на 15 сутак за плякат з падтрымкай Tut.by

  • БелаПАН

Акцыя ў падтрымку Tut.by у Вільні. Ілюстрацыйнае фота.

26-гадовую Тацяну Нямкевіч арыштавалі на 15 сутак рашэньнем суду Цэнтральнага раёну Менску. Адміністрацыйны пратакол разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у пратаколе было ўказана, што Нямкевіч прыняла ўдзел у пікетаваньні ў раёне Асмалоўка, трымаючы ў руках плякат. Сама жанчына сьцьвярджае, што ў момант затрыманьня гаварыла па тэлефоне, а намаляваны ёю плякат ляжаў у пакеце. На яе думку, паколькі пакет прасьвечваўся, міліцыянты маглі ўбачыць яркія літары на плякаце. Сьведка-міліцыянт заявіў, што тры чалавекі стаялі з плякатам «TUT Осмоловка».

Паводле яго выразу, сайт Tut.by «носіць прамы палітычны характар».

18 траўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правёў ператрусы ў рэдакцыі Tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў парталу. Было заяўлена, што ў дачыненьні да службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» распачата справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Затрымалі 15 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінула 72 гадзіны з моманту затрыманьня супрацоўнікаў Tut.by. Які іх статус?

Практычна адначасова, на падставе звароту Генэральнай пракуратуры, Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайта tut.by і яго люстэркаў.