Статкевічу і «падзельнікам» ўлады выставілі судовы пазоў на 3 мільёнаў рублёў

Прамаўляе Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Палітвязень Мікола Статкевіч атрымаў ліст з Генэральнай пракуратуры, у якім інфармуецца, што яму і іншым падсудным па крымінальнай справе, якая разглядаецца ў Магілёве, выстаўлены пазоў на 3 млн 78 тысяч рублёў кампэнсацыі.

Пра гэта ён напісаў у лісьце жонцы 13 траўня. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч працытавала допіс мужа, у якім ён кажа, што «Генпракуратура ўжо наклала для забясьпячэньня позвы арышт на маёмасьць коштам 2 млн рублёў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевічу, Ціханоўскаму, Лосіку і Цыгановічу пагражае да 15 год зьняволеньня. Іх справы перадаюць у суд

«Яшчэ чуў, што хочуць пазбаўляць званьняў тых, хто звольніўся з сілавых структураў падчас мінулагодніх падзеяў. Ствараюць небясьпечны прэцэдэнт, які можа бумэрангам вярнуцца ім самім і іх блізкім, — напісаў Мікола Статкевіч у лісьце на волю. — Думаю, гэтыя дзеяньні могуць быць выкліканыя рэальнымі эўрапейскімі сэктаральнымі санкцыямі супраць прадпрыемстваў нафтагазавай галіны. Калі такое адбудзецца, дэфолт стане імаверным. Бо праз танныя нафту і газ Масква датуе беларускі рэжым, забясьпечваючы свой кантроль над ім. Пры сусьветных коштах на вуглевадароды прадпрыемствы галіны згубяць канкурэнтаздольнасьць. А пры санкцыях яшчэ і большасьць рынкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, дзе будуць судзіць Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка, Цыгановіча, Сакава і Папова

Акрамя таго, Мікола Статкевіч напісаў, што таксама атрымаў ліст зь Вярхоўнага суду аб перадачы крымінальнай справы ў Гомельскі абласны суд. Яго будуць судзіць разам з блогерамі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і іншымі актывістамі.