Беларускаму палітзьняволенаму Ігару Лосіку сёньня спаўняецца 29 гадоў. Свой дзень народзінаў ён праводзіць у турме, чакаючы суду. Ягоныя жонка Дарʼя і дачка Паўліна 11 месяцаў жывуць бяз мужа і бацькі.
Два разы на тыдзень Дарʼя Лосік возіць перадачы Ігару ў Жодзіна, а Паўліна чакае, пакуль тата вернецца, і яны разам сходзяць і купяць флямастары.
Як жыве сямʼя Ігара Лосіка, глядзіце ў відэа Свабоды.
Дарʼя Лосік між іншага расказвае:
- «Дачка бачыць на вуліцы якое-небудзь дзіця з мамай і татам і кажа: „Зірні, там з татам ідуць“, і пачынае пытаць, дзе наш тата».
- «Амаль год Ігар у зьняволеньні, а дачка навучылася сьвядома размаўляць, камэнтуе мульцікі, есьць самастойна відэльцам, лыжкай, п’е з кубка. Ігар прапусьціў, напэўна, адзін з самых цікавых пэрыядаў яе жыцьця. Я здымаю практычна ўсё, што з Паўлінай адбываецца».
- «У лісьце і ў перадачы можна перадаць максымум дзьве фатаграфіі, я даволі часта кладу яму туды здымкі з дачкой. Але быў адзін пэрыяд, калі Ігар папрасіў не ўкладаць яму ў канвэрт здымкі Паўліны, бо сказаў: „Калі я бачу яе фота, я плачу“».
- «Ігар хацеў менавіта дачку. І вось яна ёсьць, а ён ня можа зь ёй быць цяпер. Яна стопрацэнтная копія Ігара. Ён ёй малюе, лепіць стыкеры, і яна яму малюе, я пазначаю ў лісьце „Не выкідаць, малявала дачка!“, каб цэнзар ня выкінуў».
- «Я працягваю зьвяртацца да псыхатэрапэўта. Упершыню зьвярнулася праз паўтара месяца пасьля затрыманьня Ігара. Зразумела, што ўжо немагчыма так. Пачыналіся ўжо гукавыя амарокі. Мне далі тэсты, і па іх выніках лекар сказала, што неабходна мэдыкамэнтознае лячэньне, іначай я сама хутка ня вылезу з гэтай сытуацыі. Антыдэпрэсанты прысутнічаюць у маім жыцьці».
- «Ігар ніколі ня еў у сырым выглядзе цыбулі і часныку. А тут неяк узяў і папрасіў мяне прывезьці ў СІЗА менавіта цыбулю і менавіта часнык. Гэта было для мяне нечакана».
- «Адна перадача вагаецца ад 50 да 80 рублёў, без мэдыкамэнтаў. За месяц 480 рублёў ідзе толькі на перадачы, бэнзін з Баранавічаў да Жодзіна і назад каля 70 рублёў, за месяц 560».
- «Таксама Ігар прасіў мяне выпісаць паболей газэт, каб хоць на нешта там адцягвацца. Хоць дзяржаўных самых „дурацкіх“, але хоць нешта чытаць. Выпісвала яму „Новы час“, „Нашу гісторыю“, „Intex-press“, але цяпер, як разумею, незалежных друкаваных выданьняў у нас зусім не засталося. То выпісала „Комсомольскую правду“, „Прессбол“, дэтэктыўныя расьсьледаваньні, сканворды, „Вечерний Гродно“, „Вечерний Минск“, туды ўсё запар ідзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома, дзе будуць судзіць Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка, Цыгановіча, Сакава і Папова