Сьвятлана Ціханоўская: «Калі б галасы вэтэранаў чулі — хіба даведаліся б іхныя ўнукі, як раняць аскепкі сьвятлашумавых гранат?!»

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Перамогі. Яе прэс-служба выпусьціла адмысловы відэазварот.

«9 мая 1945 года нацысцкая Германія капітулявала, завяршыўшы свой удзел у вайне. І Дзень Перамогі — гэта сьвята ў гонар яе заканчэньня. Але гэта сьвята са сьлязьмі на вачах. Бо вайна стала велізарнай трагедыяй для ўсяго сьвету — і асабліва для Беларусі. Мы ўсе зь дзяцінства памятаем, што за чатыры гады вайны загінуў кожны трэці беларус. Гэта ня сьвята пра „можам паўтарыць“. Гэта гісторыя пра „ніколі зноў“».

Зараз, адзначыла палітык, беларусы занадта добра ведаюць, што людзі не павінны паміраць і ахвяраваць сваім жыцьцём дзеля нечых амбіцыяў.

«Але амаль праз 80 гадоў мы бачым, што ня ўсе вынесьлі гэты ўрок. Ёсьць тыя, хто маніпулюе гістарычнай трагедыяй цэлага народу, каб ачарніць цяперашніх змагароў за незалежнасьць. Ёсьць тыя, хто гатовы выдаткаваць амаль мільён рублёў на салюты і канцэрты, але нічога не падарыць вэтэранам да іхнага сьвята (і сьпешна пачынае выплачваць кампэнсацыі, толькі калі беларусы самі ўжо пачалі зьбіраць сродкі вэтэранам)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго яднае вайна? Тлумачэньні сацыёляга

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў наведаць вэтэранаў, павіншаваць іх, абавязкова трымаючы дыстанцыю і надзяваючы маскі, а таксама распытаць іх пра вайну, выслухаць і перадаць іншым тое, што яны скажуць.

«Бо калі б іхныя галасы сапраўды чулі ўсе гэтыя гады — хіба даведаліся б іхныя унукі, як раняць аскепкі сьвятлашумавых гранат і якімі катаваньнямі выбіваюць прызнаньні зь невінаватых?»

У канцы відэазвароту Ціханоўская пажадала, каб і «наш агульны Дзень Перамогі прыйшоў як мага хутчэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў». Юрыст НАК пра тое, якім будзе беларускі Нюрнбэрг