САЗ ухваліла шостую вакцыну ад COVID-19. І гэта зноў ня «Спутник V»

Sinopharm стала шостай ухваленай вакцынай ад каранавірусу, які выклікае COVID-19.

Сусьветная арганізацыя здароўя ўхваліла кітайскую вакцыну Sinopharm для выкарыстаньня ў надзвычайных сытуацыях.

Гэта першая ўхваленая САЗ вакцына, якую распрацавалі не ў Эўропе ці ЗША. Яна адрозьніваецца паводле сваёй схемы дзеяньня ад раней ухваленых вакцын. Гэта інактываваная прышчэпка, яна дастаўляе ў арганізм вырашчаныя ў лябараторыі фрагмэнты «забітага» каранавірусу.

Паводле распрацоўніка, эфэктыўнасьць вакцыны — 79%. Аднак у навуковай супольнасьці Эўропы і ЗША былі пытаньні да празрыстасьці выпрабаваньняў. Гэта не зашкодзіла ўхваліць яе выкарыстаньне ў 80 краінах сьвету, у тым ліку ва Ўкраіне і Грузіі.

Кітай плянуе прышчапіць 40 адсоткаў свайго насельніцтва да канца чэрвеня. Але цяпер у краіне нестае вакцын, піша The New York Times. Улады пастаўляюць іх іншым краінам, каб узмацніць свае сувязі ў сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску можна атрымаць прышчэпку ад COVID-19 у гандлёвым цэнтры

Раней САЗ ухваліла вакцыны

  • Pfizer/BioNTech,
  • Astrazeneca-SK Bio,
  • Serum Institute of India
  • Janssen
  • Moderna

Расейская вакцына «Спутник V», якой прышчапляюць у Беларусі, пакуль не атрымала ўхваленьня САЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 65 хварэюць 42. Уцекачы зь Беларусі расказалі пра ўспышку каранавірусу ў латвійскім цэнтры разьмяшчэньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя паставіла новы рэкорд па колькасьці выпадкаў COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў пра беларускую вакцыну ад COVID-19. Раней ён называў пандэмію «псыхозам» і заклікаў лячыцца гарэлкай