Прэзыдэнт Кіргізстану падпісаў новую Канстытуцыю. Яна павялічвае яго паўнамоцтвы

Прэзыдэнт Садыр Джапараў падпісвае новую Канстытуцыю. Бішкек, 5 траўня 2021

Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў падпісаў новую Канстытуцыю, а таксама закон «Аб Канстытуцыі Кіргіскай Рэспублікі», паведамляе прэс-служба прэзыдэнта.

«Новая Канстытуцыя напісаная з улікам менавіта тых выклікаў, якія актуальныя для нашай краіны; яна адлюстроўвае каштоўнасьці, якія мы шануем як народ, і ідэалы, да якіх мы імкнемся як грамадзтва», — сказана ў віншаваньні з Днём Канстытуцыі ад імя прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На рэфэрэндуме ў Кіргізстане вырашылася пытаньне аб увядзеньні прэзыдэнцкай формы кіраваньня

11 красавіка ў Кіргізстане прайшоў рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі. Паводле дадзеных ЦВК, яўка склала 35,3%. Новую рэдакцыю Канстытуцыі падтрымалі 79,2% з тых, хто браў удзел у рэфэрэндуме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане разглядаюць праект новай Канстытуцыі, якая ўмацуе ўладу прэзыдэнта

Новая Канстытуцыя прадугледжвае зацьвярджэньне ў краіне прэзыдэнцкай формы кіраваньня, увядзеньне інстытуту Народнага курултаю (Народнага сходу), а таксама скарачэньне колькасьці дэпутатаў парлямэнту зь цяперашніх 120 да 90. Акрамя таго, абраны прэзыдэнт Кіргізстану можа ўзначальваць краіну ня больш за два пяцігадовыя тэрміны. Дзейны Асноўны закон прадугледжвае абраньне кіраўніка дзяржавы тэрмінам на шэсьць гадоў на адзіны тэрмін.