Суд над Севярынцам і актывістамі кампаніі «Эўрапейская Беларусь» будзе закрытым

Разам на лаве падсудных будуць 7 палітвязьняў: Максім Вінярскі, Сяргей Казлоў, Андрэй Войніч, Павал Севярынец, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Ірына Шчасная

«Крымінальная справа будзе разглядацца на закрытым судовым пасяджэньні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да таямніцы, якая ахоўваецца законам», — паведамілі ў судзе.

Разгляд крымінальнай справы сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, грамадзкай актывісткі Ірыны Шчаснай, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча пройдзе ў закрытым рэжыме.

Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе. Пачатак працэсу заплянаваны на 12 траўня.

«Крымінальная справа будзе разглядацца на закрытым судовым пасяджэньні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да тайны, якая ахоўваецца законам», — паведаміла супрацоўніца абласнога суду карэспандэнту інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веніямін адказаў Паўлу Севярынцу пра магчымае прызнаньне бел-чырвона-белага сьцягу «экстрэмісцкім»

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома неўзабаве пасьля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.

21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак Сьледчы камітэт паведаміў, што на палітыка завялі справу паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне празь непасрэдна ўзьніклае падазрэньні ва ўчыненьні злачынства). Затым стала вядома, што палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомыя ў балаклавах выбілі дзьверы». Як затрымлівалі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»

Анрэя Войніча, Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасня. У кастрычніку ім выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Афнагелю было выстаўленае яшчэ адно абвінавачаньне — па ч. 3 арт. 293 КК (навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Вінярскага, ён падазраваны ў справе аб закліках да масавых беспарадкаў

Пра затрыманьне Максіма Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня. Паводле дадзеных праваабаронцаў, яму таксама выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі пачынаюць адчуваць сябе народам». Пра што піша зьняволены блогер Зьміцер Казлоў

Блогер YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітры Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 дзён. Меўся выйсьці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазьней стала вядома, што на Казлова завялі справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Усе шэсць абвінавачваных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевічу, Ціханоўскаму, Лосіку і Цыгановічу пагражае да 15 год зьняволеньня. Іх справы перадаюць у суд