Сярод затрыманых 26 красавіка ў Менску лідэр капэлі «На таку», музыка і этнограф Крукоўскі

Аляксей Крукоўскі.

26 красавіка ў Менску затрымалі выкладчыка падпольнага ліцэя імя Якуба Коласа, лідэра капэлі «На таку» Аляксея Крукоўскага.

Вядома, што Аляксея затрымалі ля ягонага дома на Нямізе, адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, а пазьней у турму на Акрэсьціна. У чым яго яго абвінавачваюць, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завадатар традыцыйных танцаў Аляксей Крукоўскі: «Мы ня робім шоў і мы ня робім канцэртаў»

Ягонае прозьвішча ёсьць сярод 26 затрыманых у Менску 26 красавіка.

Нягледзячы на адсутнасьць акцый з нагоды 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 26 красавіка ў Менску затрымалі больш за два дзясяткі чалавек. Затрыманьні адбываліся ў раёне Арлоўскай вуліцы, дзе апошнімі гадамі звычайна завяршаўся Чарнобыльскі шлях. Па 17-й гадзіне міліцыянты пачалі тут спыняць мінакоў, правяраць у іх заплечнікі і торбы.

Двух чалавек затрымалі ў іхных кватэрах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну аварыі на ЧАЭС у Менску затрымалі каля 20 чалавек

На вуліцы Мендзялеева затрымалі дзяўчыну, якая адзначала дзень нараджэньня, і каля дзесяці чалавек, якія прыйшлі яе павіншаваць. Дзень нараджэньня супаў з выхадам дзяўчыны з карантыну, таму госьці апранулі антыковідныя касьцюмы і трымалі плякаты. Уначы пасьля разбору іх адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дашкевічу 20 «сутак», іншым ад 5 да 15-ці. У Менску асудзілі затрыманых удзельнікаў Курапацкай варты