Глядзіце стрым «Ня толькі пра здароўе з доктаркай Пятроўскай»
Сьцісла
- Прыкметнае «амаладжэньне» рака малочнай залозы. Калі 20 гадоў таму ў жанчын да 40 гадоў гэта здаралася надзвычай рэдка, то цяпер у анколягаў гэта не выклікае зьдзіўленьня.
- З курсу радыяцыйнай мэдыцыны студэнты выносяць паняцьце «радыяцыйны гармэзіс» (спрыяльнае ўзьдзеяньне ультрамалых дозаў апрамяненьня). Гіпотэза так і не даказаная.
- Псыхалягічна жыць са страхам няправільна. Мая галіна — навучыць людзей, як дзейнічаць да таго, як здарылася бяда, і тут хутчэй не прафіляктыка, а раньняя дыягностыка.
«На сёньня дадзеныя статыстыкі анкалягічных захворваньняў у Беларусі ў цэлым адпавядаюць агульнасусьветным тэндэнцыям»
— Як бы вы ацанілі нэгатыўныя наступствы аварыі на ЧАЭС для здароўя людзей з пункту гледжаньня анкалягічных хваробаў? Калі быў найцяжэйшы пэрыяд і якія наступствы захоўваюцца праз 35 гадоў?
Надзея Пятроўская
— Іянізацыйнае выпраменьваньне — навукова даказаны фактар рызыкі разьвіцьця пухлінных захворваньняў. Злаякасныя пухліны тычацца стахастычных эфэктаў, гэта значыць імаверных. Для такіх эфэктаў няма дозавай мяжы, а ад дозы залежыць верагоднасьць узьнікненьня захворваньня, а не яго цяжкасьць. Для рэалізацыі гэтых эфэктаў неабходны час.
Я скончыла мэдычную ВНУ ў Менску ў 1998 годзе, і на той момант ужо быў пераканаўчы рост раку шчытавіцы, асабліва ў дзяцей з забруджаных раёнаў Беларусі. Экспэрты адзначаюць рост лейкозаў у дзяцей у пэрыяд з 1986 па 1992 гады.
На сёньняшні дзень дадзеныя статыстыкі анкалягічных захворваньняў у Беларусі ў цэлым адпавядаюць агульнасусьветным тэндэнцыям — рост раку лёгкага, каларэктального раку, раку прастаты ў мужчын, малочнай залозы — у жанчын. Аднак выключыць або даказаць «унёсак» чарнобыльскай катастрофы досыць складана. У прыватнасьці, прыкметнае «амаладжэньне» раку малочнай залозы. Калі 20 гадоў таму ў жанчын да 40 гадоў гэта здаралася надзвычай рэдка, то цяпер у анколягаў гэта не выклікае зьдзіўленьня.
Незалежныя дасьледчыкі наступстваў аварыі на ЧАЭС у сваёй справаздачы за 2016 год (TORCH-2016) прагназуюць да 2065 году 40 000 дадатковых выпадкаў захворваньня на сьмяротныя злаякасныя пухліны і за 16 000 сьмерцяў ад раку ў Эўропе (уключаючы Беларусь і Ўкраіну).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Адчуваеш сябе чалавекам, выкінутым за борт». У Беларусі пазбавілі многіх ільготаў ліквідатараў чарнобыльскай аварыі«У станаўленьне беларускай анкалёгіі былі сапраўды ўкладзеныя калясальныя сродкі»
— Як мянялася і як зьмянілася праца анколягаў з часоў аварыі на ЧАЭС?
— Прынцыпова, напэўна, праца анколягаў не зьмянілася. Варта адзначыць, што прагрэс у галіне малекулярнай біялёгіі пухліннага росту, інфармацыйная тэхналёгія Big Data і прарывы ў анкафармакалёгіі дазволілі дамагчыся істотных посьпехаў у лячэньні анкалягічных захворваньняў. Агульнае інфармацыйнае поле, празрысты доступ практычна да любой самай актуальнай прафэсійнай інфармацыі, магчымасьць вучыцца, безумоўна, спрыяюць паляпшэньню якасьці мэдычнай дапамогі анкапацыентам. У станаўленьне беларускай анкалёгіі, трэба адзначыць, былі сапраўды ўкладзеныя калясальныя сродкі, і было гэта абумоўлена вельмі пэсымістычнымі прагнозамі пасьля аварыі на ЧАЭС.
Зьмянілася хутчэй стаўленьне ў грамадзтве да праблемы катастрофы ў цэлым за гэты час. Выпускаючы студэнтаў з мэдінстытуту, у нас з упартасьцю гішпанскай інквізыцыі «ўбівалі» анкалягічную насьцярожанасьць, прымаючы пад увагу, што ўсё насельніцтва ў той ці іншай ступені зазнала ўзьдзеяньне радыяцыі. Цяпер з курсу радыяцыйнай мэдыцыны студэнты выносяць паняцьце «радыяцыйны гармэзіс», гэта значыць спрыяльнае ўзьдзеяньне ультрамалых дозаў апрамяненьня. Гіпотэза, дарэчы, так і не даказаная. Палярызацыя пунктаў гледжаньня на радыяцыйныя рызыкі мае месца ня толькі на постсавецкай прасторы. А абясцэньваньне катастрофы пагражае яе паўторам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Паўстаньне мэдыкаў», сытуацыя ў цэнтры дзіцячай анкалёгіі, Дон Кіхоты ў белых халатах. Доктарка Пятроўская — ня толькі пра здароўе«Курапаты і Чарнобыль — незагойныя раны на сэрцы беларусаў»
— Ганна Севярынец часта кажа пра нявывучаныя беларусамі ўрокі рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя. Ці можна лічыць катастрофу ў Чарнобылі таксама нявывучаным урокам? Пытаньне ад Людмілы Арцюшкевіч.
— І Курапаты, і Чарнобыль — гэта незагойныя раны на сэрцы беларусаў, прыклады беспакараных злачынстваў дзяржавы супраць сваіх грамадзянаў. І дзеяньні цяперашняй улады падчас пандэміі і пратэстаў гэтаксама цынічныя і амаральныя, як дзеяньні савецкай улады. Тым ня менш грамадзянская супольнасьць вучыцца, эвалюцыянуе цяпер як ніколі хутка. Я магу сказаць, што гэта нявывучаныя, але ня марныя ўрокі.
— Вы працавалі шмат гадоў з хворымі на рак дзеткамі. З вашага досьведу, ці сапраўды дзеці найбольш уразьлівыя да наступстваў радыяцыі? І чаму?
— Гэта тлумачыцца непасрэдна эфэктамі апраменьваньня і асаблівасьцямі дзіцячай фізіялёгіі. Найбольш адчувальныя да апраменьваньня клеткі і тканкі, якія хутка дзеляцца і актыўна растуць. Дзіцячы арганізм у сілу нясьпеласьці многіх мэханізмаў абароны і з прычыны актыўнага росту вельмі ўразьлівы перад іянізацыйным выпраменьваньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемы— Былы палітзьняволены, прафэсар Юры Бандажэўскі займаўся дасьледаваньнем нэгатыўнага ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на здароўе чалавека. Якая вашая думка як анколяга ў гэтым пытаньні? Ці дасьледаваная і вывучаная гэтая праблема ў Беларусі і сьвеце?
— Я, на жаль, не знаёмая з працамі паважанага прафэсара, але мая асабістая думка — акрамя натуральнага фону, не існуе бясьпечных дозаў радыяцыі. Высокая захворвальнасьць на рак вонкавых лякалізацый у супрацоўнікаў аддзяленьняў прамянёвай тэрапіі, другасныя радыяіндуцыраваныя ракі пасьля прамянёвай тэрапіі, і нават вельмі нізкія, але існуючыя рызыкі радыяіндуцыраванага раку малочнай залозы ў выніку скрынінгавых мамаграфій пераканаўча пра гэта сьведчаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лекары падрабязна расказалі пра катаваньні ў ізалятарах на «сутках»«Спроба абясцэніць праблему і закрыць вочы на нязручную праўду»
— У 2005 годзесправаздача ААН, прысьвечаная аналізу наступстваў чарнобыльскай катастрофы, выклікала рэзкую крытыку з боку шэрагу эколягаў і дактароў. Паводле справаздачы, падрыхтаванай ста экспэртамі, наступствы Чарнобыля не настолькі маштабныя і жахлівыя, як прагназавалася. У дакумэнце гаварылася, што катастрофа стала прычынай сьмерці прыблізна 4 тысячаў чалавек, што акрамя людзей, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі катастрофы, а таксама некалькіх тысячаў тых, хто захварэў на рак шчытападобнай залозы, насельніцтва рэгіёну Чарнобылю пацярпела ня так ужо і моцна. Сярод аўтараў справаздачы былі і экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі МАГАТЭ. Ці такой жа думкі прытрымліваюцца анколягі-практыкі?
— Я азнаёмілася з гэтым дакумэнтам, і ў некалькіх месцах гучалі заўвагі, што дазымэтрычныя дадзеныя Дзяржаўных чарнобыльскіх рэгістраў Беларусі, Расеі і Ўкраіны часткова фальсыфікаваныя. У гэтым выпадку айцішнікі кажуць: «garbage in, garbage out», гэта значыць «сьмецьце на ўваходзе — сьмецьце на выхадзе». Да такіх эпідэміялягічных дасьледаваньняў давер даволі ўмоўны. Гэта зноў жа спроба абясцэніць праблему і закрыць вочы на нязручную праўду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сусьветная арганізацыя здароўя прадказала рост ракавых захворваньняў на 60% у бліжэйшыя 20 гадоў«Скрынінгавыя праграмы дапамагаюць выявіць захворваньне на той стадыі, калі яно яшчэ курабэльна»
— Як жыць і не баяцца захварэць на рак, бо ніхто не застрахаваны ад гэтага? Вельмі часта чуеш пра гэта, і становіцца страшна жыць. Пытаньне ад глядачкі ratomka Lucky.
— На сёньня абсалютна адкрыты доступ да інфармацыі пра даступныя скрынінгавыя дасьледаваньні. Мужчынам пасьля 45–50 гадоў мае сэнс здаваць кроў на ПСА. Хоць у сьвеце не даказаная яго эфэктыўнасьць, тым ня менш у Беларусі скрынінг раку прастаты праводзіцца. Для жанчын пасьля 50 гадоў — гэта неабходнасьць праходзіць раз на два гады мамаграфічны скрынінг, абавязковы візыт да гінэколяга раз на год, і для курцоў пасьля 45 гадоў нізкадозавае кампутарнае тамаграфічнае дасьледаваньне лёгкіх. Гэтыя скрынінгавыя праграмы дапамагаюць выявіць захворваньне на той стадыі, калі яно яшчэ курабэльна і калі дактары і пацыенты могуць дабіцца посьпеху сумесна.
Калі ў сям’і ёсьць выпадкі раку, асабліва калі гэта рак тоўстага кішэчніка, страўніка, малочнай залозы, яечнікаў, — гэта дадатковая нагода зьвярнуцца да анколяга, і доктар дапаможа ацаніць ступень рызыкі. Ці вы ў стандартнай групе рызыкі па разьвіцьці раку, ці гэта высокая рызыка і скрынінг захворваньняў таго ж тоўстага кішэчніка трэба пачынаць раней, чым прадугледжана стандартам. Псыхалягічна жыць са страхам, напэўна, няправільна. Мая галіна — навучыць людзей, як дзейнічаць да таго, як здарылася бяда. І тут хутчэй не прафіляктыка, а раньняя дыягностыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як вылечыцца ад раку. Ня толькі філязофская размова з анколягам— Дзьмітрый Барэйчук пытаецца: што можна прымяняць беларусам для зьніжэньня рызыкі анкалягічных хваробаў? Якая прафіляктыка?
— Здаровы лад жыцьця, фізычная актыўнасьць, якая дакладна зьніжае рызыку ўзьнікненьня як пухлінных, так і сардэчна-судзінных захворваньняў і хваробаў эндакрыннай сыстэмы. Здаровае харчаваньне, у якім абавязкова павінна прысутнічаць клятчатка і бабовыя (гэта прафіляктыка раку тоўстага кішэчніка). Не злоўжываць чырвоным мясам, бо гэта таксама фактар рызыкі для разьвіцьця раку тоўстага кішэчніка. Для жанчын — рэгулярны агляд у мамолягаў і гінэколягаў на прадмет раньняй дыягностыкі раку малочнай залозы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міты і праўда пра рак. Эксклюзіўнае інтэрвію дырэктара анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах«Як паказвае пандэмія, стыль мэнэджмэнту не зьмяніўся, значыць, сыстэмныя памылкі да гэтага часу ня выпраўленыя»
— Ці выклікае занепакоенасьць у дактароў сытуацыя з Астравецкай АЭС і чаму?
— Я не магу ацэньваць эканамічную мэтазгоднасьць, роўна як і радыяцыйную бясьпеку, Астравецкай АЭС, але ўжо занадта дорага беларусам абыходзяцца сыстэмныя памылкі на самых розных узроўнях пад паліткарэктным тэрмінам «чалавечы фактар».
Як сказала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у «Чарнобыльскай малітве», «у нашага народу ўвесь час адчуваньне, што яго падманваюць». Я, мабыць, пагаджуся. Адсутнасьць лягічных тлумачэньняў неаднаразовых адключэньняў станцыі спараджае ня проста занепакоенасьць, а хутчэй упэўненасьць у тым, што далёка ня ўсё ў штатным рэжыме. У 1986 годзе першай рэакцыяй уладаў было «ўтаіць», а наступнай — «схлусіць». Як паказвае пандэмія, стыль мэнэджмэнту не зьмяніўся, значыць, сыстэмныя памылкі да гэтага часу ня выпраўленыя. На жаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Хуткія» для затрыманых, мэдычная тайна, турэмная мэдыцына, пацыенты-амапаўцы. Этычныя дылемы мэдыкаў падчас рэпрэсій